Маятники

Грамадства

МАЯТНІКІ
Фэн-шуй, эзатэрыка, маятнікі, трансерфінг – гэта сапраўды цікава, і многія ўсур’ёз захапіліся вывучэннем і апрабацыяй гэтых цячэнняў (ці вучэнняў, не ведаю, як правільна назваць) на сабе. Асабіста прачытала цэлае мора кніг і магу сказаць, што паспяхова перажыла гэты перыяд сваёй біяграфіі. Як чалавек у нейкай ступені дасведчаны ў гэтым пытанні, не магу сказаць, што ўсё гэта лухта. Не, многае карысна і мае права быць папулярным. Галоўнае тут – яснае разуменне, што жыццё тваё (зда-роўе, дабрабыт, асабістыя ўзаемаадносіны)  можа рэзка змяніцца да лепшага, варта толькі гэтага дужа-дужа захацець. Праўда, гэта ж і самае небяспечнае, на маю думку. Нам,  канешне, зручней думаць, што скандалім з мужам мы выключна з-за таго, што ложак стаіць не ў тым месцы ці шпалеры не таго колеру вісяць, і паклееныя яны, як на грэх, у  панядзелак, а варта было б у суботу. Значыць, давядзецца сварыцца і далей: не пераклейваць жа шпалеры. Жартую, канешне, але сапраўды дайсці да нейкага вышэйшага разумення ўстройства свету – гэта дужа складана, сярэднестатыстычнаму чалавеку проста непадуладна. Адсюль – незадаволенасць сабой і, што яшчэ горш, іншымі людзьмі, якія абсалютна не падзяляюць адчуванняў тваёй тонкай натуры.
Але на ўзроўні аматарства ўсё гэта нават і  карысна. Сапсаваўся настрой – я памыла падлогу з соллю, пазвінела званочкам, запаліла свечкі – і ся-джу задаволеная. Таксама заўжды чытаю афірмацыі (мантры асіліць так і не змагла), і самым вялікім сваім дасягненнем лічу тое, што навучылася ўсё ж не думаць дрэнных думак (прабачце за каламбур). А гэта не так проста, як можа падацца.
Адкуль прычына для гэтага разважання? Справа ў тым, што нядаўна ў рэдакцыю завітаў жыхар райцэнтра А. М. Паўлаў і настойліва пераконваў у тым, што жыхароў раёна неабходна папярэдзіць пра небяспечнасць знаходжання ў геапатагенных зонах. Ён пастаянна праводзіць даследаванні і прыйшоў да некаторых высноў у гэтай сферы.
“Я магу з дапамогай маятніка вы-значаць геапатагенныя зоны, якія дрэнна ўплываюць на ўсё жывое, на расліны, на людзей і жывёлу.  Пры доўгім знаходжанні чалавека ў геапатагеннай зоне ў яго развіваюцца захворванні розных органаў, крыві, суставаў, нервовай сістэмы, утвараюцца розныя пухліны.  Але ад праблемы магчыма  пазбавіцца з дапамогай маятніка. Маятнік – гэта невялікі груз, падвешаны на нітцы даўжынёю  20-30 сантыметраў. Калі ён трапляе ў небяспечную зону – пачынае рухацца”.
Менавіта з дапамогай маятніка наш госць зразумеў, што яго ложак, да прыкладу, знаходзіцца ў полі дзеяння негатыўнай энергіі. Прычым ён робіць высновы, што пагаршэнне яго здароўя звязана менавіта з гэтым уздзеяннем.
Засцерагчыся ад навалы проста: неабходна пазбягаць знаходзіцца ў такіх зонах, запэўнівае А. М. Паўлаў. Але калі гэта немагчыма (пераставіць ложак, скажам, у іншае месца не атрымліваецца), то выхад таксама ёсць. Эксперыментальным шляхам Антон Мікалаевіч высветліў, што выратуюць ад геапатагенных зон толькі жалезныя лісты. Ён падклаў пад свой ложак такі ліст, і цяпер маятнік паводзіць сябе ў гэтым месцы спакойна. Супакоіўся і сам вынаходнік, упэўнены, што  ніякія падазроныя промні не шкодзяць цяпер ягонаму здароўю. Пераконваў, што адчувае сябе намнога лепш,  перасталі непакоіць  болі ў нагах.
Мужчына дужа хоча, каб яго вопыт і эксперыментальныя вынаходніцтвы дапамаглі людзям вызначыць, у якой ступені іх жыллё бяспечнае для здароўя. І не толькі жыллё. Ён, напрыклад, не супакоіўся, пакуль не праверыў рабочыя месцы карэспандэнтаў рэдакцыі на наяўнасць дрэнных выпраменьванняў і рэзюмаваў, што ўсім нам тэрмінова трэба  пераставіць мэблю, бо нашы рабочыя сталы размешчаны акурат у геапатагенных зонах.
Можа,  і праўда  пераставіць? Глядзіш, і Муза часцей  стане заяўляцца, і зарплаты вырастуць.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.



4 комментария по теме “Маятники

  1. А я-то думала, с мужем что-то не так. А оказывается, кровать надо переставить.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *