Несколько вопросов по приватизации жилья

Вопрос-Ответ

Прыватызацыя працягваецца
Прыватызацыя прыйшла ў нашу краіну ў пачатку 90-х, і заканадаўства, якое рэгулюе працэдуру прыватызацыі, мянялася некалькі разоў.
Навошта патрэбна прыватызацыя? Калі кватэра, у якой вы пражываеце, не прыватызаваная, вы не можаце лічыцца паўнавартаснымі ўладальнікамі. Вы проста лічыцеся наймальнікам, і дзяржава дазволіла карыстацца кватэрай да пары да часу, за пэўную плату. І, адпаведна, распараджацца нерухомасцю: прадаваць, дарыць, пакідаць родным у спадчыну — у вас няма ніякіх правоў. Ну, хіба што абмяняць зможаце на такую ж непрыватызаваную.
Таму рана ці позна чалавек разумее, наколькі важна і неабходна мець нерухомасць ва ўласнасці. Тут і прыходзіць на дапамогу прыватызацыя.
“У апошні час працэс прыватызацыі на Шуміліншчыне актывізаваўся як ніколі”, — кажа начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама В. С. Селязнёў. А галоўны спецыяліст аддзела Н. А. Прымак дадае: “За 2012 год праз “адно акно” (не ўлічваючы жыллё прадпрыемстваў і арганізацый) аформлена дакументаў на прыватызацыю 27 кватэр. Найперш гэта жыллё ў Шуміліне, Мікіцісе і Обалі.”
Зразумела, актыўнасць  гэта звязана найперш з эканамічнымі-фінансавымі фактарамі. Чаго ўтойваць: на сённяшні дзень многім прыватызацыя становіцца па кішэні, а вось прадаць потым прыватызаванае жыллё можна намнога выгадней.
Такім чынам, вы ўрэшце вырашылі стаць паўнавартасным гаспадаром кватэры. З чаго пачынаць? Найперш, са звароту ў райвыканкам (калі кватэра знаходзіцца ва ўласнасці дзяржаўнага жыллёвага фонду) ці на прадпрыемства (калі жыллё ведамаснае)  і падачы заявы на прыватызацыю. У ёй абавязкова ўказваецца, колькі чалавек прапісана ў кватэры, бо ўсе паўналетнія члены сям’і потым даюць згоду наймальніку на прыватызацыю. З заявай трэба будзе прадаставіць пашпарты дарослых і пасведчанні ад нараджэнні непаўналетніх, чэкі “Жыллё” (гэтыя каштоўныя паперы значна зэканомяць вашы грошы), дакументы, што пацвярджаюць права на льготы (калі яны ў вас ёсць).
Здаецца, усё. Працэс прыватызацыі ўзяў старт. На працягу месяца кампетэнтны орган вынесе сваё рашэнне. Пры адмове ў прыватызацыі (бывае і такое, калі няма, напрыклад, ніякіх дакументаў на дом ці кватэру і немагчыма аформіць справу) рашэнне можна будзе абскардзіць у судзе.
Калі ўсё ў парадку, праз месяц падрыхтуйцеся плаціць грошы. Кошт кватэры вызначаюць спецыялісты-ацэншчыкі, ён звычайна ніжэй за  рыначны (хаця бываюць і выключэнні). Калі ў вас ёсць неабходная сума, купляйце і валодайце. Аднак, на сённяшні дзень самым распаўсюджаным спосабам аплаты прыватызацыі з’яўляецца першапачатковы ўзнос у памеры 10% ад поўнага кошту кватэры (унесці трэба на працягу 12 месяцаў). Астатнюю суму дзяржава дазваляе выплачваць у растэрміноўку да 40 год (роўнымі далямі і без працэнтаў!).  Тым не менш да поўнага пагашэння рабіць здзелкі з кватэрай нельга, бо кватэра знаходзіцца ў залогу дзяржавы.
Канешне, працэс прыватызацыі залежыць ад многіх фактараў, кажа Надзежда Аляксандраўна,  і з кожнай канкрэтнай кватэрай могуць быць свае нюансы.
“Колькі каштуе зараз прыватызацыя?” – цікаўлюся.
“У параўнанні з 90-мі гадамі прыватызацыя стала больш дарагім задавальненнем, – працягвае Н. А. Прымак.  – Кошт залежыць ад многіх фактараў: года ўводу ў эксплуатацыю, характарыстыкі жылля, першапачатковага балансавага кошту дома. А вось месца размяшчэння кватэры ролі не адыгрывае”.
Так, па апошніх дакументах кошт нашых кватэр вар’іруецца ад 20 мільёнаў да 150 мільёнаў.
І яшчэ. Набыццё грамадзянамі ва ўласнасць жылых памяшканняў ажыццяўляецца па натарыяльна засведчаных дагаворах прыватызацыі. Права ўласнасці на гэтыя памяшканні ўзнікае пасля дзяржаўнай рэгістрацыі дагавораў у арганізацыі дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомасці, правоў на яе і здзелак з ёю  (БТІ).
Задумаліся: а ці не рашыцца на прыватызацыю вам? Ваша права. Па ўсіх пытаннях прыватызацыі дзяржаўнага жыллёвага фонду можна звяртацца ў службу “адно акно” райвыканкама (к. 115, 1-ы паверх), па ведамаснаму жыллю — у арганізацыю, якой належыць дом ці кватэра.
Лічбы і факты
Па падліках спецыялістаў службы “адно акно” райвыканкама, за 2012 год было пададзена на прыватызацыю 119 заяў. Для параўнання: у 2011 годзе – 89, у 2010-м — 8 заяў.
Прыкладна  62% дзяржаўнага жыллёвага фонду Шумілінскага раёна знаходзіцца ў руках уладальнікаў-уласнікаў кватэр.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №14 ад 19.02.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *