Рейды пожарной инспекции по району продолжаются – ком нарушений растёт

Бяспека Общество

А ў грубцы дзверцы адарваныя
Пажарна-прафілактычныя акцыі з удзелам супрацоўнікаў Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС працягваюцца. У прыватнасці, у мінулую нядзелю, 17 лютага, адбыўся рэйд па аграгарадку Башні, вёсках Саладухі і Лажок. У рэйдзе прыняла ўдзел і карэспандэнт раённай газеты.
Выратавальнікі, якіх прыехала ў раён больш за дваццаць чалавек, разышліся па вясковых вуліцах. Мы ідзём разам з галоўным спецыялістам  аддзела нагляду і прафілактыкі Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС А. М. Максіменкам. Аляксей Мікалаевіч расказвае, што супрацоўнікі ўпраўлення ў гэтым годзе робяць ужо дзявяты рэйд па пажарнай бяспецы. На мінулым тыдні, напрыклад, пабывалі ў Сенненскім раёне. “І ў сенненскіх вёсках, і ў шумілінскіх заўвагі практычна аднолькавыя, – аналізуе сітуацыю Аляксей Мікалаевіч. –  У асноўным яны тычацца няспраўных печак. У вялікія маразы іх палілі не адзін раз, таму шмат дзе абсыпалася тынкоўка, з’явіліся трэшчыны, адарва-ліся дзверцы”.
І гэтыя словы пацвердзіліся ў Башнях. Асабліва ўразіў адзін дом. Уваходныя дзверы дома былі адчынены. Гукнулі – у адказ цішыня. Аглядаем пакоі, у іх не бачны прыкметы жыцця чалавека. Хіба толькі ў адным ляжаць дровы і стаіць газавы балон ля пліты. Раптам з аднаго пакоя выглядвае жанчына. “Я тут жыву, – гаворыць яна, нібы апраўдваючыся. – Давялі да ладу пакуль толькі адзін пакой”. Хаця і тут асаблівага “ладу” не адчуваецца – печка-пліта ў аварыйным стане. Дзверцы вісяць напалову адарваныя, на сцяне трэшчыны. Работнік абласнога ўпраўлення МНС піша прадпісанне, выкананне якога будуць правяраць супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях.
Гаспадар наступнага дома паліў грубку. Языкі полымя небяспечна падміргвалі скрозь дзіркі за дзверцамі. У двух невялічкіх пакойчыках беспарадак: на стале і падлозе нейкія скрыні, пакеты, газеты  і яшчэ шмат непатрэбнага. Атрыбутам ўтульнасці было, бадай, толькі чорнае кацяня, якое драмала ў абшарпаным крэсле.
Гаспадар запэўніваў, што час ад часу рамантуе печку, замазвае глінай. Але ж яна хутка адвальваецца. Інспектар інспекцыі дзяржпажнагляду Р. Л. Жук тлумачыць, што ад такіх “замазванняў” ніякага толку, тут трэба капітальна рамантаваць грубку.
Па наступным адрасе ў кватэру мы трапіць не змаглі па той простай прычыне, што ў калідоры нас сустрэў вялізны сабака. Потым суседзі растлумачылі, што гаспадар гэткім чынам пазбаўляецца ад няпрошаных гасцей. А кватэру не перашкодзіла б праверыць, бо падчас мінулага рэйду тут было даволі парушэнняў, адзначае намеснік начальніка РАНС па дзяржнагляду. Якое выйсце з гэтай сітуацыі? Супрацоўнікі абласнога ўпраўлення МНС параілі звярнуцца ў  камунгас, дзе павінны разабрацца з такім кватэраздымшчыкам.
У многіх дамах, якія наведалі падчас рэйду, былі выяўлены скруткі правадоў, замест засцерагальнікаў у электралічыльніках пастаўлены “жучкі”, няма перадтопачнага ліста. У некаторых дамах устаноўлены пажарныя апавяшчальнікі, але ж яны не працавалі, таму што батарэйкі пратэрмінаваныя. Здзіўляе, што людзі самі не клапоцяцца пра сваю бяспеку. Асабліва гэта тычыцца адзінокіх састарэлых, сем’яў з дзецьмі. З няспраўнымі печкамі і без апавяшчальнікаў і да бяды недалёка: Тым больш, што за трагічнымі прыкладамі і хадзіць далёка не трэба (у мінулым годзе ў Башнях у дыму задыхнулася жанчына).
У вёсках Саладухі і Лажок печкі былі больш-менш нармальныя. Выратавальнікі звярнулі ўвагу на іншую праблему: у большасці наведаных дамоў гэтых вёсак электрычныя правады былі заклеены шпалерамі, што недапушчальна па тэхніцы бяспекі. Больш таго,  некаторыя правады (яны яшчэ з савецкіх часоў) даўно пара замяніць на новыя.
Падчас рэйду выратавальнікі абышлі 126 домаўладанняў. “Усяго складзена 11 адміністрацыйных пратаколаў”, – падлічыў інспектар інспекцыі дзяржпажнагляду А. Ю. Лявонаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №17 ад 01.03.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *