Телефон 103. Как правильно вызвать скорую помощь

Здоровье Общество

Больш за 7 тысяч выклікаў за год
Можна меркаваць, што кожнаму з нас хаця б раз у жыцці прыходзілася карыстацца паслугамі хуткай дапамогі. Як правіла, 103 мы набіраем у самых экстраных выпадках, калі адчуваем нясцерпны боль, калі існуе пагроза жыццю і да таго падобнае. Ва ўсялякім разе заўжды хочацца, каб машына неадкладнай дапамогі прыехала з хуткасцю маланкі. Ад гэтага часта залежыць жыццё.  Як арганізавана хуткая і неадкладная дапамога ў нашым раёне, мы пацікавіліся ў загадчыцы паліклінікі А. Г. Віеру.
– Аддзяленне хуткай дапамогі з дзвюма кругласутачнымі фельчарскімі брыгадамі дзейнічае на базе раённай бальніцы. Таксама пункт хуткай дапамогі з адной брыгадай функцыянуе пры Обальскай участковай бальніцы. Наогул, выклікі падзяляюцца на экстраныя, тэрміновыя і неадкладныя.
Да экстраных адносяцца выклікі па прычыне аварыі, страты прытомнасці, сыпу з высокай тэмпературай у дзяцей, атручэння хімікатамі  ці лекамі, павешання, утаплення, раптоўнага парушэння дыхання, пажару і іншага.
Да тэрміновых адносяцца выклікі ў сувязі з парушэннямі рытму сэрца, раптоўным сардэчным болем, прыступам бранхіяльнай астмы, наяўнасцю іншароднага цела ў дыхальных шляхах, крывацёкам, родамі.
Нагодай для неадкладнага выкліку з’яўляецца значнае змяненне артэрыяльнага ціску, алергія, выражаны галаўны боль, боль у жываце, грудной клетцы, паясніцы, ірвота.
Той, хто набірае 103, павінен дакладна адказаць на ўсе пытанні дыспетчара. А да прыезду брыгады неабходна сабраць усе асабістыя рэчы і дакументы хворага. Калі ж патрэба ў выкліку адпадае, то абавязкова  варта перазваніць дыспетчару. У гэтай сувязі хочацца сказаць і пра фальшывыя выкілікі. Калі той, хто звярнуўся ў хуткую, прад’явіў заведама няправільную інфармацыю пра адрас ці пацыента, то медыцынская арганізацыя пісьмова запросіць парушальніка для складання пратакола. Калі ён прызнае за сабой віну, то з ім правядуць прафілактычную гутарку. Калі не, то інфармацыя будзе перададзена ў РАУС.
У мінулым годзе паступіла 215 безвыніковых выклікаў. Між тым, кожны выезд брыгады абыходзіцца бюджэту ў амаль 250 тысяч рублёў. Усяго за мінулы год у службу хуткай дапамогі раёна звярнуўся 7151 чалавек, абслужана 6644 выклікі.
Калі ў вас ёсць прапановы ці заўвагі па рабоце службы хуткай дапамогі, тэлефануйце па нумарах 4-22-18, 4-12-34.
Падрыхтавала Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №18 ад 05.03.2013 г



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *