Незаконное оружие. Нарушения и наказания

Закон Общество

Бацька падарыў два карабіны?
Незаконная зброя. Якую небяспеку яна нясе – пра гэта неаднаразова пісала раённая газета. У рэспубліцы нямала  выпадкаў, калі злодзеі з незаконнай зброяй у руках здзяйснялі розныя правапарушэнні ці нават забівалі чалавека. Але многія па-ранейшаму незаконна захоўваюць зброю. У тым ліку і ў нашым раёне.
Так, у час расследавання адной крымінальнай справы міліцыянеры ўстанавілі, што жыхар райцэнтра амаль два гады таму атрымаў у падарунак ад свайго бацькі два карабіны – адзін заводскай вытворчасці, другі – самаробны. Акрамя таго, былі знойдзены больш за сорак патронаў. Супраць мужчыны  ўзбуджана крымінальная справа. Яму пагражаюць выпраўленчыя работы да двух гадоў або арышт да шасці месяцаў, або абмежаванне волі да пяці гадоў, або пазбаўленне волі да сямі гадоў.
Прачытаўшы гэты прыклад, многія нашы чытачы задаюць пытанне: “А што рабіць, калі табе падарылі ружжо або яно дасталася ў спадчыну?”
“Перш-наперш паведаміць пра гэта ў міліцыю, – кажа старшы інспектар па дазваляльнай рабоце РАУС  С. А. Кузняцоў. – А пакуль ружжо будзе афармляцца па ўсіх правілах, лепш яго ўвогуле здаць на часовае захоўванне ў райаддзел унутраных спраў”.
Забараняецца незаконна захоўваць і выбуховыя рэчывы. Пра гэта, відаць, забыўся адзін з жыхароў раёна. І калі міліцыянеры знайшлі ў яго больш за паўкілаграма пораха, мужчына расказаў, што на сваім агародзе знайшоў патроны часоў Вялікай Айчыннай вайны і адтуль дастаў порах. Невядома вось толькі, для якой мэты захоўваў. Згодна з заключэннем экспертызы, гэты порах адносіцца да выбуховых рэчываў. А супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа. Яму пагражае  такое ж пакаранне, як і за захоўванне незаконнай зброі.
“У тым выпадку, калі нехта ў сябе на агародзе, у лесе ці ў любым іншым месцы знаходзіць патроны ці якія выбуховыя рэчывы, трэба неадкладна паведаміць аб гэтым у міліцыю, – кажа С. А. Кузняцоў. – І такія знаходкі лепш не чапаць. Па-першае, небяспечна для жыцця. Ну, а па-другое, за гэта пагражае адказнасць”.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №18 ад 05.03.2013 г



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *