Криминал. Происшествия

Происшествия

Банкаўская картка
Жыхар Обалі паведаміў у раённы аддзел унутраных спраў пра тое, што ён згубіў банкаўскую картку. Праз некалькі дзён гэта прапажа ўсплыла – па ўкрадзенай банкаўскай картцы разлічваўся ў адным з шумілінскіх магазінаў неаднаразова судзімы жыхар райцэнтра. Картка канфіскавана, вернута гаспадару. Супраць злодзея ўзбуджана крымінальная справа.
Аліменты
Жыхар Шуміліна згодна з рашэннем суда павінен быў выплачваць грошы былой жонцы на ўтрыманне непаўналетняй дачкі. Але мужчына не меў пастаяннага месца работы, апошнія месяцы ўвогуле не працаваў. Доўг па аліментах за пяць месяцаў склаў больш за чатыры мільёны рублёў. Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Згодна з рашэннем суда жыхарка Шуміліна павінна была выплачваць аліменты свайму былому мужу на ўтрыманне дзвюх непаўналетніх дачок у памеры 33% ад усіх відаў заробкаў. Але жанчына памяняла некалькі работ, ніводная з якіх яе не задавальняла. А даўгі па аліментах раслі, як грыбы пасля дажджу. За паўгода яны склалі больш як дзевяць мільёнаў рублёў.  Супраць жанчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Штраф або арышт
Яшчэ ў жніўні мінулага года жыхар Шуміліна быў прыцягнуты да адказнасці за тое, што паўторна на працягу года сеў за руль нецвярозым. Мужчыну паставілі на ўлік у выканаўча-крымінальную інспекцыю. Там растлумачылі, што ён не мае права садзіцца за руль любога транспартнага сродку. Нават мапеда. Але жыхар райцэнтра парушыў гэтае патрабаванне, не маючы правоў кіравання, ён сеў за руль трактара. Цяпер мужчыну пагражае штраф або арышт да шасці месяцаў.
Улоў
Жыхар Віцебска ехаў на “Жыгулях” у Башні на рыбалку. Але павудзіць рыбу ў гэты дзень так і не ўдалося – мужчыну прыпынілі  супрацоўнікі ДАІ.
Як высветлілася, віцяблянін сеў за руль нецвярозым.  Да таго ж, не меў пры сабе вадзіцельскага пасведчання, тэхагляду, страхоўкі, пасведчання аб рэгістрацыі. На вадзіцеля складзена пяць адміністрацыйных пратаколаў, якія адпраўлены для разгляду па месцы жыхарства парушальніка.
Абледзяненне
Супрацоўнікі ДАІ склалі адміністрацыйны пратакол на службовую асобу, адказную за ўтрыманне ў належным стане дарожнай сеткі ў Обалі.  Справа ў тым, што на вуліцы Даўмана дарога абледзянела, бо своечасова не падсыпалася пясчана-салёнай сумессю. Адказнай службовай асобе пагражае за гэта штраф да чатырох базавых велічынь.
Без правоў
Супрацоўнікі ДАІ прыпынілі ў Мішневічах жыхара Віцебска, які ехаў на аўтамабілі “Мерседэс-Бэнс”. Як высветлілася, некалькі месяцаў таму гэты мужчына быў пазбаўлены правоў за тое, што сеў за руль нецвярозым. Гэта значыць, вадзіцельскіх правоў у яго і быць не магло. Складзены ад-міністрацыйны пратакол, мужчыну пагражае штраф ад 5  да 20 базавых велічынь.
Па матэрыялах раённага аддзела ўнутраных спраў падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №18 ад 05.03.2013 г



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *