Комивояжер как стихийное бедствие

Общество Экономика

Коміваяжор як стыхійнае бедства
Хлопцы ўрываюцца ў кабінет і ў адзін голас заўважаюць: як жа ў вас тут утульна, як прыгожа. Мусіць, яны мелі на ўвазе нешта іншае, а ніяк не абадраныя ў чаканні рамонту сцены і абшарпаную падлогу майго кабінета. Не даўшы апамятацца, яны працягваюць: “Як мы рады вас бачыць. А як вашы справы? Мы вырашылі завітаць да вас у госці. Ой, мамачкі, – крычыць адзін з іх, быццам убачыў нешта неверагоднае, – якая ў вас выдатная сукенка!”. І гэтак далей у тым жа духу.
Яны прыходзяць заўжды нечакана, заўжды – у самы непадыходзячы момант. Яны прыносяць “унікальныя” таркі, кнігі, нажы па самых “непрыстойных”, у сэнсе – нізкіх, цэнах. Маўляў, толькі сёння ў нас ёсць выключны шанс набыць нешта, а заўтра мы бу-дзем ужо шкадаваць, што не скарысталі такую цудоўную магчымасць. Але праз тыдзень зноў прыходзяць з тым жа ўнікальным прадуктам, а бывае, і ў той жа дзень – іхнія “калегі” ці канкурэнты.
Коміваяжоры. Мы даўно пазнаем іх па першых словах, а ім усё здаецца, што яны могуць быць арыгінальнымі, а “нестандартны” падыход абавязкова забяспечыць ім паспяховыя продажы. Самы просты спосаб пазбавіцца ад надакучлівага сервісу – купіць нешта. У гэтым выпадку яны хутка трацяць да цябе інтарэс і пераключаюцца на новы “аб’ект”. Калі ж нічога купляць не хочацца, не хочацца нават слухаць, няма магчымасці траціць час на ўсялякія прэзентацыі тавару, то прыйдзецца праявіць стойкасць і цярпенне, каб выставіць няпрошаных гасцей за парог.
Яны ж абавязкова праслухалі нейкі там майстар-клас тыпу: “Стань мільянерам за тыдзень” ці “Прадай тарку – стань шчаслівым”. Навучаныя, спрабуюць наладзіць тактыльны кантакт, дакрануцца да рукі, пляча, ці віртуальны – зрабіць камплімент вам, вашым туфлям (няважна, што яны з па-за мінулай калекцыі), адзначыць ваш выдатны густ ці паабяцаць цудоўны настрой.
Чаму яны заўжды называюць сябе гасцямі? Таму што наш менталітэт ніяк не дазволіць нам нейкую грубасць у абыходжанні з гасцямі, нават і няпрошанымі. З парога яны стараюцца задаць некалькі пытанняў, на якія вы абавязкова адкажаце: “Так”. Ведайце, што даўшы тры станоўчыя адказы на самыя, здавалася б, бяскрыўдныя пытанні, у вас больш шансаў згадзіцца і з усімі наступнымі прапановамі. Яны лёгка чапляюцца за любую блізкую вам тэму: “малыя дзеткі”, “творчасць”, “усе мужыкі – вядома хто” – і пачынаюць бурна яе абмяркоўваць, быццам, і забыліся – навошта прыйшлі.
Яны абавязкова заўважаць, што ў мінулы раз у суседнім офісе раскупілі ўсе сетачкі для патэльняў, а сёння прыйшлі найперш да вас, каб у гэты раз  вам ужо абавязкова дасталася гэтая “неверагодная” рэч.
Яны ніколі проста так, па першым патрабаванні не назавуць кошт тавару: спачатку будзе ісці кароткі агляд неверагодна высокіх цэнаў на гэты ж тавар у магазінах,  а потым ужо будзе названа тая самая “смешная” цана, за якую яны гатовы аддаць вам тое, што прынеслі.
Усе гэтыя няхітрыя прыёмы нейралінгвістычнага праграмавання працуюць у большасці выпадкаў. Для таго, каб засцерагчыся ад непажаданага ўплыву на ўласную падсвядомасць, варта быць упэўненым у сабе і не паддавацца на правакацыі. Калі вы не настроены рабіць пакупкі, то варта сказаць пра гэта ветліва, але настойліва і ні пры якіх умовах не дазваляць дэманстрацыю тавару. Пры гэтым пажадана глядзець прадаўцу прама ў вочы і не адказваць на правакацыйныя пытанні тыпу: “Вы што, не любіце гасцей?”. Калі вы ўсё ж трапілі на такую дэманстрацыю, то цвёрда ведайце: купляць вы нічога не абавязаны, нават, калі дужа прывабны хлопец увесь абедзенны перапынак  прэзентаваў перад вамі свой тавар. Не купляйце непатрэбную ў гаспадарцы рэч толькі для таго, каб не пакрыўдзіць прадаўца, які так стараўся.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №20 ад 12.03.2013 г.



6 комментариев по теме “Комивояжер как стихийное бедствие

  1. Яны і ў вёсках бываюць: школы, канторы наведваюць. Надакучлівыя надта буваюць, але часта ў іх купляюць, таму што бачылі па телеку. Ды і у горадзе такі тавар шукаць трэба, а тут прынеслі прама ў рукі. А прадаюць як навучылі. Вопытныя ці разумнейшыя хутка арыентуюцца і пераходзяць да канкрэтыкі, а маладзейшыя выдаюць усю адрэпетыраваную роль. Усё ж яны нейкую карысць прыносяць.

  2. Ну и что? Ведь действительно — заздражает их навязчивый сервис.

  3. Раздражняе… й падаткі плоцюць… а які цудоўны гарантыйны сэрвіс! Адкуль яны такія ўзяліся? Хто іх разумнікаў навучыў гэтаму?

  4. Гарантый як раз ніхто з іх і не дае. А тое, што перашкаджаюць — праўда. Раздражняе не тое, што тавар прыносяць. Бывае, і сапраўды нешта трэба купіць. раздражняе менавіта «навязчивый сервис», іх манера прадаваць. Уваходзяць яны, напрыклад, адразу пытаюся: нажы ёсць? калі — няма, то больш нічога не трэба. Не ж яны настойліва пачынаюць выкладваць усё, што ёсць. Дык і праўда — лепш наогул нічым не цікавіцца.

  5. Карацей — куды глядзіць падаткавая? Куды паведамляць, аб надакучлівых, што падаткі не плоцюць і гарантый не даюць?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *