Регистрация брака по-новому

Вопрос-Ответ Закон

Рэгістрацыя шлюбу па-новаму
Жыццё не стаіць на месцы, зразумела, што і заканадаўства павінна адпавядаць павевам часу. У гэтай сувязі новаўвядзенні ў Кодэкс аб шлюбе і сям’і, думаецца, цікавыя многім.
Пачнём з самага прыемнага. Пераважна маладыя жадаюць заключаць шлюб ва ўрачыстай абстаноўцы і ім патрэбны час на падрыхтоўку, таму яны стараюцца падаць заяву загадзя, каб выбраць лепшы час для рэгістрацыі. Дык вось, па-ранейшаму максімальным тэрмінам ад падачы заявы да рэгістрацыі заключэння шлюбу застаюцца 3 месяцы. А вось мінімальны 15-дзённы тэрмін можна будзе зменшыць пры наяўнасці ўважлівых прычын (цяжарнасць, агульнае дзіця і іншыя асаблівыя абставіны), але абавязкова пацверджаных дакументальна.
Згодна з ранейшым Кодэксам, рэгістрацыя шлюбу адбывалася ў памяшканні загсу. Зараз Кодэкс дазваляе рэгістраваць шлюб па-за сценамі загсу. Натуральна, за дадатковую плату і, акрамя таго, дастаўка работнікаў загсу туды і назад – клопат маладых.
Ёсць і яшчэ прыемныя для маладых навіны. Дагэтуль рэгістрацыя шлюбу ажыццяўлялася толькі па месцы жыхарства аднаго з уступаючых у шлюб ці іх бацькоў, а зараз маладыя могуць замацаваць свой саюз у любым загсе на тэрыторыі краіны. Калі раней жаніх і нявеста – грамадзяне іншай дзяржавы альбо асобы без грамадзянства, нават маючы від на жыхарства ў Беларусі, маглі заключыць шлюб толькі ў пасольствах і консульствах, то цяпер змогуць і ў загсе – у тым выпадку, калі хаця б адзін з іх мае від на жыхарства ў Беларусі, г. зн. пастаянную прапіску на тэрыторыі нашай краіны.
Адкарэкціраваны артыкул аб шлюбным дагаворы, а яшчэ Кодэкс дапоўнены новым артыкулам, у якім падрабязна агаворана форма і парадак заключэння гэтага пагаднення. Законам скарэкціраваны ўмовы, якія могуць утрымлівацца ў шлюбным дагаворы, вызначаны момант і парадак яго змянення і скасавання. Замацавана, што прадметам дагавора можа быць толькі агульная сумесная маёмасць супругаў, як нажытая, так і набытая імі ў будучым. Нічога не перашкаджае складаць шлюбны дагавор парам як напярэдадні заключэння шлюбу ці пасля яго рэгістрацыі, так і праз пражыты разам не адзін дзясятак год. І калі шлюбны дагавор утрымлівае інфармацыю пра нерухомасць, дык, акрамя натарыяльнага засведчання патрабуецца яго рэгістрацыя ў арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці.
А. ГІМБІЦКАЯ, старшы судовы выканаўца суда Шумілінскага раёна.
Надрукавана ў №20 ад 12.03.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *