Оставить место ДТП — преступление

Закон

Пакінуць месца ДТЗ – злачынства
На сённяшні дзень вельмі вострай застаецца праблема ўцёкаў  вадзіцеляў з месца дарожна-транспартнага здарэння. Так, з пачатку года ў Віцебскай вобласці адбылося тры ДТЗ, з месца якіх вадзіцелі з’ехалі.
У Талачынскім раёне ноччу 20 студзеня на аўтадарозе Р-15  вадзіцель аўтамабіля “Сітраен” наехаў на 20-гадовага хлопца, які пераходзіў дарогу. Ад атрыманых цялесных пашко-джанняў пешаход на месцы ДТЗ памёр. Дзякуючы прафесійным дзеянням супрацоўнікаў аддзялення ДАІ  Талачынскага  РАУС, праз некалькі гадзін бегуна ўдалося знайсці. Ім аказаўся 19-гадовы жыхар Талачына.
Праз тыдзень жыхар г. Чашнікі, кіруючы аўтамашынай “Мерседэс-Бэнц” у вёсцы Доўжыца наехаў на мясцовага жыхара, які нечакана паваліўся на праезнай частцы. Пацярпелы атрымаў траўмы, але ад медыцынскай дапамогі адмовіўся. Тады вадзіцель пасадзіў параненага ў свой аўтамабіль і адвёз дадому.
Як паказвае практыка, у 80%  падобных выпадкаў вінаваты самі пешаходы. І калі невінаватасць вадзіцеля даказана, то ён не нясе ніякай адказнасці перад законам за ДТЗ, нават з цяжкімі наступствамі.
Не лішнім будзе нагадаць, як весці сябе ў сітуацыі  пры наездзе на пешахода. Самае галоўнае тут – не пакідаць месца ДТЗ, выклікаць хуткую дапамогу і ДАІ. Па магчымасці трэба пастарацца знайсці сведкаў, у прысутнасці якіх зафіксавана месца наезду. Важна ў такой сітуацыі самому аказаць першую даўрачэбную дапамогу пацярпеламу.
Вышук вадзіцеляў, якія з’ехалі з месца ДТЗ, –  справа часу. Як правіла, рана ці позна бегуноў знаходзяць.
А што гаворыць Закон?
Згодна з арт. 30 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб дарожным руху” вадзіцель, які з’яўляецца ўдзельнікам дарожна-транспартнага здарэння, абавязаны прыпыніцца і заставацца  на месцы дарожна-транспартнага здарэння, уключыць аварыйную светлавую сігналізацыю і выставіць знак аварыйнага прыпынку. Калі гэта немагчыма, то трэба любым іншым спосабам папярэдзіць астатніх удзельнікаў дарожнага руху пра ДТЗ. Напрыклад, у цёмны час сутак замест знака аварыйнага прыпынку можа быць выстаўлены мігаючы чырвоны ліхтар.
Неабходна ў прысутнасці сведкаў зафіксаваць палажэнне транспартнага сродку, сляды і прадметы, якія адносяцца да ДТЗ. Гэта на той выпадак, калі трэба будзе вызваліць праезную частку ці адвесці на сваёй машыне пацярпелага ў бальніцу.
Вадзіцель, які даставіў пацярпелага ў медыцынскую ўстанову, абавязаны паведаміць сваё прозвішча, рэгістрацыйны знак транспартнага сродку, прад’явіць вадзіцельскае пасведчанне або іншы дакумент, які пацвярджае асобу. А потым трэба зноў вярнуцца  да месца ДТЗ.
У выпадку, калі вадзіцель уцёк з месца ДТЗ, пакінуў пацярпелага ў небяспечным для жыцця становішчы, ён прыцягваецца да крымінальнай адказнасці па арт.159 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь.
М. ГАРАЛЕВІЧ, начальнік ДАІ РАУС.
Надрукавана ў №20 ад 12.03.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *