В Шумилинском районе проводил приём граждан начальник отдела по делам религий и национальностей Витебского облисполкома М. Р. Даниленко

Власть Общество

Без веры жыць цяжка
Прыём  жыхароў раёна начальнікам аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Віцебскага аблвыканкама М. Р. Даніленкам быў наладжаны з мэтай выслухаць пазіцыю людзей па міжканфесійных і міжэтнічных адносінах, занатаваць заўвагі, прапановы з тым, каб дапамагчы ў іх вырашэнні на дзяржаўным узроўні.
Трэба сказаць, размова з благачынным Шумілінскай акругі іерэем Фёдарам Пучынскім, які завітаў на прыём, у многім акрэсліла надзённыя задачы і праблемы праваслаўнай царквы.
Спачатку айцец Фёдар падарыў госцю абраз Прасвятой Багародзіцы, затым расказаў пра мірскія клопаты. Найперш, вядома, гаворка ішла пра ўзвядзенне храмаў у Обалі і Шуміліне. Калі обальскі набывае ўжо выразныя абрысы царквы (спраў засталося няшмат, да свята Ануфрыя, як сказаў айцец Фёдар, па ўсім відаць, адбудзецца першая служба), то ў райцэнтры ўзвядзенне царквы ідзе марудна. Раённыя ўлады (на прыёме прысутнічалі старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава і намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў) прымаюць усе магчымыя захады з тым, каб падключыць да святой справы вядомых землякоў, усіх, хто неабыякавы да лёсу шумілінскай царквы. Узводзіцца ж храм  усёй грамадой: на ахвяраванні прыхаджан, прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Будаўніцтва ідзе нялёгка: выкладзены за некалькі месяцаў цокальны паверх, завезена цэгла, будуць закупляцца пліты перакрыцця. Выкласці сцены царквы зможа не кожны муляр, асабліва скляпенні, запрошаны майстравыя людзі са Століншчыны, з радзімы айца Фёдара.
М. Р. Даніленка ўхваліў меры, якія прымаюцца ў раёне, каб ажывіць узвядзенне праваслаўнага храма, сказаў, што бюджэтныя сродкі на такія мэты расходаваць забаронена, паабяцаў спрыянне ў справе.
Размова з М. Р. Даніленкам ішла не толькі пра клопаты праваслаўных святароў, закранулі праблемы, якія хвалююць католікаў, прадстаўнікоў іншых канфесій, узгадалі пра пахаванні палонных, расстраляных у Мікалаёве на самым пачатку  Вялікай Айчыннай вайны.
Міхаіл Раманавіч Даніленка папрасіў пры вызначэнні палітыкі канфесій збаўляцца ад закасцянеласці, артадаксальнасці ў поглядах на веравучэнне. Важна знаходзіць новыя формы ў рабоце, сказаў ён, рабіць імідж храма  больш   прыцягальным, прыахвочваць людзей да веры, да святога.
Напрыканцы свайго візіту ў раён М. Р. Даніленка наведаў  храм, які ўзводзіцца у Шуміліне, не прамінуў пацікавіцца справамі мірскімі ў святароў касцёла святой Маці Фацімскай у Светласельскім.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №23 ад 22.03.2013 г.



1 комментарий по теме “В Шумилинском районе проводил приём граждан начальник отдела по делам религий и национальностей Витебского облисполкома М. Р. Даниленко

  1. Ф. Скарына з Полацку, у 1514 годзе ў Празе чэскай надрукаваў «Біблю руску языкем простым» ва ўласным перакладзе. Ці будзе гэта неяк сьвяткавацца, на раённым альбо абласным узроўні?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *