День работы с населением в Сиротинском сельсовете: приём по личным вопросам

Актуалии Власть Сельское хозяйство

Што турбуе сіроцінцаў і слабадчан?
У рамках дня работы з насельніцтвам, які ў сакавіку праходзіць на тэрыторыі Сіроцінскага сельвыканкама, у аўторак прайшлі выязныя прыёмы грамадзян кіраўніцтвам райвыканкама. У прыватнасці, у Сіроціне прыём грамадзян па асабістых пытаннях вёў намеснік старшыні райвыканкама па пытаннях будаўніцтва А. П. Быкаў, а ў Слабадзе – намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях А. М. Зайцаў. Зразумела, што пытанняў не было шмат, бо тыдзень таму літаральна кожны дом і кожную сям’ю наведалі пры падворным абходзе групы з ліку галоўных спецыялістаў і спецыялістаў службаў раёна. І кожны меў магчымасць выказацца, узняць хвалюючую праблему, унесці прапанову.
Тым не менш, на прыём да А. М. Зайцава прыйшла жыхарка а.-г. Слабада Л. П. Голубева са сваёй жыццёва важнай праблемай. Справа ў тым, што пры падворным абходзе да Голубевых, якія жывуць на вуліцы Прыазёрнай, не давялося трапіць (усе былі на рабоце), а таму і не змагла сям’я падзяліцца сваім болем.
“Развальваецца дом, рушыцца на вачах, – з сумам расказвала Любоў Паўлаўна. – Жыллё службовае, сям’я атрымала яго ўсяго гады чатыры таму. Мала таго, што сцены і падлога ў трэшчынах, дык пачынаюць ужо лопацца трубы. Трэба неадкладна рамантаваць. Хто дапаможа?”
Анатоль Мікалаевіч Зайцаў запэўніў, што з сітуацыяй абавязкова разбяруцца адказныя службы, выедуць на месца і абследуюць дом. Сям’і Голубевых будзе дадзены пісьмовы адказ.
У Сіроціне паступілі два пытанні. Па-першае, вяскоўцаў не зусім задавальняе работа перасоўнай паштовай машыны. Частыя перабоі з сувяззю, завісае камп’ютар, ствараюцца чэргі, людзям даводзіцца доўга стаяць на марозе ці ў непагадзь.  І другое пытанне нарадзіла закрыццё пошты ў Сіроціне. Справа ў тым, што ў мястэчку няма банкамата. Раней трымальнікі пластыкавых картак маглі на пошце праз плацёжны тэрмінал паглядзець, ці залічылі зарплату і якую, маглі, урэшце, заказаць у паштавікоў, каб тыя прывезлі наяўныя. Плацёжны тэрмінал застаўся толькі ў прадуктовым магазіне ў адрозненне ад прамысловага. «Дзе абналічыць грошы?» – турбуюцца трымальнікі банкаўскіх пластыкавых картак. Сапраўды, дзе?
Пытанні, што паступілі ў час падворнага абходу і ў час выязнога прыёму, абмяркоўваліся на гэтым тыдні на выніковым пасяджэнні з удзелам кіраўнікоў зацікаўленых службаў прадпрыемстваў  і арганізацый. Ніводнае пытанне, узнятае падчас дня работы з насельніцтвам у Сіроцінскім сельсавеце, не засталося без увагі.
Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *