В Комитете госконтроля

Вестник Комитета госконтроля

Закупкі – празрыста, па законе
Пад неаслабнай увагай супрацоўнікаў дзяржкантролю знаходзяцца пытанні законнасці арганізацыі закупак за кошт бюджэтных сродкаў. Нярэдка ў Камітэт паступаюць скаргі ад “пакрыўджаных” канкурэнтаў, якія не выйшлі пераможцамі ў працэдуры дзяржзакупак. Так здарылася падчас арганізацыі закупак біяхімічных рэагентаў устаноў аховы здароўя Віцебшчыны, калі ТДА “М” паскардзілася на адно з устаноў аховы здароўя на неаб’ектыўнасць пры выбары пастаўшчыком  ПУП “Б”.
Скарга ТДА “М” часткова пацвердзілася. Як высветлілася, рэагенты былі набыты на сем дзён раней за выбар пастаўшчыка конкурснай камісіяй і па таварна-транспартных накладных было атрымана рэагентаў на суму 30 мільёнаў рублёў. Разам з тым установа аховы здароўя пры правядзенні закупак выбрала пастаўшчыка, які прапанаваў больш высокую цану. Тым не менш закупка стала магчымай, бо з пастаўшчыком ПУП “Б” установай былі наладжаны даўнія і цесныя кантакты.
Нямала памылак дапускаецца пры правядзенні дзяржзакупак прадуктаў харчавання для школ і дашкольных устаноў. Выяўлены факты, калі ў сетцы Інтэрнэт указваўся кошт закупкі на 1 мільярд рублёў большы за суму, устаноўленую заданнем на закупку, або  адкрываліся канверты з конкурснымі прапановамі раней за вызначаны тэрмін.
Дапускаліся іншыя парушэнні заканадаўства. Напрыклад, калі закупка “цягне” на суму звыш 8 тысяч базавых велічынь,  трэба праводзіць адкрыты конкурс, а не перапраўляць сродкі за пакупку ў адны рукі.  А менавіта так і паступалі ў некаторых гаррайаддзелах адукацыі.
Раённая газета пісала ў адной са справаздач па матэрыялах Камітэта дзяржкантролю пра грубыя парушэнні пры закупцы дарагіх аўтамабіляў хуткай дапамогі. Акрамя гэтага, устаноўлены факт набыцця ўстановай аховы здароўя аўтазапчастак на суму 100 мільёнаў рублёў без правядзення працэдуры дзяржзакупак. Пры гэтым на працягу сакавіка-красавіка 2012 года ўстановай быў праведзены конкурс на пастаўку запчастак (з указаннем канкрэтных найменняў) на суму 295 мільёнаў рублёў, і па іх былі заключаны дамовы па куплі-продажы. Такім чынам, установа, “прыкрываючыся” вынікамі конкурсу, закупляла іншыя запчасткі.
Па ўсіх выяўленых фактах парушэнняў на службовых асоб складзены пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях па ч. 4 арт.11.16 КаАП РБ (спагнаны штрафы ў памеры ад 10 да 50 базавых велічынь).
Незаконна
Глыбоцкім раённым аддзелам Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па матэрыялах Глыбоцкага міжраённага аддзела УДФР Ка-мітэта дзяржкантролю  ўзбуджана крымінальная справа  ў адносінах да дырэктара аднаго з прыватных прадпрыемстваў Глыбокага, які ў перыяд з красавіка 2009 па верасень 2011 г. з мэтай ухілення ад выплаты сумы падаткаў беспадстаўна карыстаўся льготамі па падатках на дабаўленую вартасць, у выніку бюджэт недаатрымаў звыш 45 мільёнаў рублёў.
Спынена незаконная дзейнасць  нелегальнага казіно ў г. Наваполацку, якое дзейнічала пад выглядам покернага спартыўнага клуба. У ходзе праведзеных аператыўна-росшукавых мерапрыемстваў    канфіскавана больш за 2 тысячы  гульнявых фішак рознага наміналу і карты для гульні, накладзены арышт на тры гульнявыя сталы для гульні ў покер, канфіскавана тэхніка і дакументы.
Зараз следчым упраўленнем УСК Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці  за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць узбуджана крымінальная справа.
УДФР Камітэта дзяржкантролю па Віцебскай вобласці праводзіць адбор  кандыдатаў (юнакоў) на вочную форму навучання ва ўстанову навучання “Акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь” па спецыяльнасці “эканамічнае права” для наступнага праходжання службы ў органах фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь.
Дадатковая інфармацыя па тэлефонах: 8(0212)42-50-99; 42-69-20.
У Камітэце дзяржкантролю  па Віцебскай вобласці арганізаваны і пастаянна дзейнічае  тэлефон даверу – 36-30-35, па якім жыхары г. Віцебска і Віцебскай вобласці могуць пазваніць у рабочыя дні з 9.00 да 18.00.
Падрыхтаваў у друк Мікалай БАРЫСАЎ.
Надрукавана ў №26 ад 02.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *