7 красавіка – Сусветны дзень здароўя

Здоровье

Змагаемся з гіпертаніяй
Кожны год для Сусветнага дня здароўя выбіраецца тэма, якая адлюстроўвае якую-небудзь прыярытэтную праблему аховы здароўя. Сёлета такой тэмай абрана гіпертанія.
Гіпертанія – вядомая як высокі крывяны ціск – павышае рызыку развіцця інфаркту і нырачнай недастатковасці. Некантралюемая гіпертанія можа прыводзіць нават да слепаты, арытміі і сардэчнай недастатковасці. У кожнага трэцяга дарослага чалавека ў свеце развіваецца гіпертанія.
З 16 па 29 сакавіка ў раёне праходзіла медыка-прафілактычная акцыя “Даведайся пра свой артэрыяльны ціск”, у ходзе якой было абследавана 1534 чалавекі. У 670 з іх АЦ аказаўся павышаным, неадкладная дапамога аказана 38 чалавекам. У большасці выпадкаў людзі ведалі пра свае праблемы са здароўем, але гіпатэнзіўныя прэпараты прымалі нерэгулярна. Наогул у 2012 годзе ў Шумілінскім раёне вострых парушэнняў мазгавога кровазвароту зарэгістравана ўдвая больш, чым па Віцебскай вобласці.
Але гіпертанію можна папераджаць і лячыць. Рызыку развіцця гіпертаніі можна знізіць шляхам змяншэння ўжывання солі; збалансаванага харчавання; адмовы ад шкоднага ўжывання алкаголю; рэгулярнай фізічнай актыўнасці; падтрымання нармальнай вагі цела і адмовы ад курэння.
Для таго, каб правяраць і кантраляваць рызыку развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў, неабходна:
ведаць свой крывяны ціск;
ведаць узровень цукру ў крыві;
ведаць узровень ліпідаў (халестэрыну) у крыві.
Падрыхтавала І. ГЛАЗУНОВА, фельчар-валеолаг Шумілінскай ЦРБ.
Надрукавана ў №27 за 05.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *