Рейд на дорогах Шумилинского района: операция «Гостехосмотр» — 108 нарушителей

Закон Общество

Рызыкнуў. Аказалася – дарэмна
У рамках дэкады “Дзяржтэхагляд”, якая праводзілася ў канцы сакавіка, супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі разам з вядучым інжынерам УП “Белтэхагляд” Р. А. Шыдлоўскім, карэспандэнтам раённай газеты правялі рэйд па аўтадарозе Віцебск-Полацк.
У ходзе рэйду інспектары дарожна-патрульнай службы Д. А. Навіцкі і А. В. Ляшкевіч прыпынілі больш за трыццаць адзінак аўтатранспарту. Дакументы ва ўсіх вадзіцеляў былі ў парадку, калі не лічыць трох ўладальнікаў легкавушак.  Жыхар Шуміліна, які ехаў за рулём “Фольксвагена”, на просьбу супрацоўнікаў ДАІ прадаставіць пасведчанне аб дзяржтэхаглядзе толькі плячыма паціснуў. А потым шчыра прызнаўся:
–  Скажу шчыра, не паспеў. Машына доўгі час стаяла на “прыколе”. А тут вось адрамантаваў, трэба было тэрмінова з’ездзіць да родзічаў. Вось і рызыкнуў. Аказалася – дарэмна.
Наступны парушальнік Правілаў дарожнага руху, жыхар Полацка, не быў такім красамоўным. Нешта буркнуў сабе пад нос, зрабіў такі незадаволены выгляд, быццам гэта супрацоўнікі ДАІ вінаватыя ў  тым, што ягоны “Мерседэс” без тэхагляду.
Не было тэхагляду на машыну і ў жыхара Полацкага раёна, якога супрацоўнікі ДАІ спынілі каля Мікіціхі. Прызнацца, тут нават па знешняму агляду аўтамабіля “Фольксваген-Джэта” – брудны, на “крылах” месцамі выступіла іржа – няцяжка было здагадацца, што машына не ў поўным парадку. Пасведчання аб дзяржтэхаглядзе таксама не было.
На ўсіх траіх вадзіцеляў легкавушак былі складзены адміністрацыйныя пратаколы. За тое, што машыны эксплуатаваліся без дзяржтэхагляду, пагражае штраф да дзвюх базавых велічынь.
Дарэчы, па словах начальніка ДАІ РАУС М. У. Гаралевіча, усяго за дэкаду акцыі “Дзяржтэхагляд”  выяўлена на дарогах раёна 108 парушэнняў Правілаў дарожнага руху. У тым ліку 18 аўтааматараў селі за руль аўтамабіляў з няпройдзеным дзяржтэхаглядам.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №28 ад 09.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *