Украденная электроэнергия оплачивается в пятикратном размере

Закон

Укралі электраэнергію?  Заплаціце ў 5 разоў больш
У чарговы раз раённая энергаінспекцыя нагадвае пра небяспеку электрычнасці пры парушэнні  элементарных правілаў і нормаў карыстання электрычнай энергіяй у быце. У час прафілактычных аглядаў бытавых электраўстановак пастаянна выяўляюцца грубыя парушэнні тэхнічнага стану, якія нясуць пагрозу жыццю і здароўю людзей, правакуюць узнікненне пажараў.
Адным з  грубых парушэнняў з года ў год з’яўляецца крадзеж электраэнергіі. Часта крадзеж адбываецца шляхам накідаў часовых электраправодак на ўводныя прылады электраўстановак, мантаж адпаек і скрытых электраправодак, якія праходзяць па-за прыборамі ўліку электраэнергіі і засцерагальных прылад. Зразумела, што падобныя факты выяўляюцца і наступаюць  моманты  кампенсацыі страт арганізацыі, якая забяспечвае электраэнергіяй, і выплаты штрафу ў пяцікратным памеры ад сумы нанесеных страт.
Прадстаўнікамі энергазабяспечваючай арганізацыі ў мінулым годзе ў раёне выяўлена 30 фактаў крадзяжу электрычнай энергіі ў быце, агульная сума выяўленых страт склала 11,14 мільёна рублёў. Па ўсіх фактах парушальнікі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, агульная сума штрафных санкцый склала 19,84 мільёнаў рублёў. Толькі вось вялікі штраф не заўсёды спыняе,  і некаторыя грамадзяне могуць двойчы за год парушыць закон. Таму зноў хочацца нагадаць: пакаранне непазбежна, і чым больш працягваецца крадзеж электраэнергіі, тым большая  сума “выплыве”. Тым больш, што з увядзеннем з 1 лютага дыферэнцыраванай аплаты паслуг, страты энергазабяспечваючай арганізацыі кампенсуюцца па поўнаму кошту.
Я. ЛЕБЕДЗЕЎ, начальнік раённай энергаінспекцыі.
Надрукавана ў №30 ад 16.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *