Заготавливаем берёзовый сок по правилам

Закон Экология

Бяжыць празрыстая сляза, зямлі гаючая крыніца
Надыходзіць час нарыхтоўкі бярозавага соку. Грамадзяне для ўласных патрэб маюць права нарыхтоўваць драўняны сок на землях любых катэгорый, за выключэннем тых, дзе даны від карыстання аб’ектамі расліннага свету забаронены або абмежаваны згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб раслінным свеце. На тэрыторыі дзяржаўнага ляснога фонду нарыхтоўка драўнянага соку праводзіцца грамадзянамі для ўласных патрэб у месцах, спецыяльна адведзеных лясгасам для гэтых мэт.
Нарыхтоўка драўнянага соку павінна праводзіцца тымі спосабамі, якія забяспечваюць захаванне тэхнічнай якасці драўніны, у парадку, устаноўленым Правіламі нарыхтоўкі другарадных лясных рэсурсаў і здзяйснення пабочнага лесакарыстання.
У камлёвай частцы адабраных у падсочку дрэў на вышыні 35-50 см ад каранёвай шыйкі вызначаюць размяшчэнне і колькасць падсочных адтулін у залежнасці ад дыяметра дрэва:
–   пры дыяметры 20-26 см – адна адтуліна;
–    пры дыяметры 27-34 см – дзве адтуліны;
– пры дыяметры 35-40 см – тры адтуліны;
– пры дыяметры 40 см – чатыры адтуліны.
Перад свідраваннем канала грубую кару здымаюць стругам або сякерай без пашкоджання лубу.
Каналы свідруюць бурам адразу пасля пачатку руху соку ад уколу шылам у ствол дрэва. Каналы высвідроўваюцца з некаторым нахілам для лепшага сцёку соку. Дыяметр канала 1 см, глыбіня – 2-3 см без уліку таўшчыні кары.
У падрыхтаваную адтуліну для сцёку соку ўстаўляецца жалабок, зроблены з нержавеючага металу або іншага матэрыялу, які дапускаецца да выкарыстання згодна з тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі, даўжынёй 12-20 см. Пад жалабкамі павінны быць устаноўлены соказборнікі (шкляныя або эмаліраваныя ёмістасці, поліэтыленавыя мяшкі і інш.).
У другой палове сезона падсочкі неабходна драўлянай лапатачкай выдаліць тлушчавы грыб, які ўтвараецца ў буравых каналах у выглядзе белай або ружовай пены.
У наступны сезон падсочкі новая адтуліна павінна быць прасвідравана на адлегласці не менш 20 см ад старой адтуліны.
Сок збіраюць па меры напаўнення соказборнікаў, але не радзей аднаго разу ў суткі.
Пасля заканчэння сезона падсочкі жалабкі павінны быць зняты, а адтуліны закрыты драўлянай пробкай. Адтуліны і зрэзы павінны быць замазаны варам, садовай маззю, глінай з вапнай або жывіцай, якая змяшчае 15-20%  драўніннага вугалю, для прадухілення захворвання дрэў.
Нарыхтоўка драўнянага соку ЗАБАРАНЯЕЦЦА ў прыбярэжных палосах рэк, азёр, вадасховішчаў і іншых водных аб’ектаў, у межах палос адводу чыгуначных і аўтамабільных дарог, іншых транспартных і камунікацыйных ліній, у населеных пунктах, дэндралагічных парках, батанічных садах, месцах прабывання і гадоўлі дзікай жывёлы, росту дзікарослых раслін, аднесеных да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспубліку Беларусь, у межах зон санітарнай аховы курортаў, у межах гісторыка-культурных запаведнікаў, мемарыяльных паркаў, археалагічных помнікаў, на тэрыторыі санаторыяў, дамоў адпачынку, курортаў і ўстаноў аховы здароўя, у месцах масавага адпачынку насельніцтва.
Забараняецца нарыхтоўваць драўняны сок клёну востралістага, ліпы, бярозы карэльскай, бярозы прысадзістай, бярозы карлікавай.
Г. КУЗЮРЭНКА, старшы дзяржінспектар Віцебскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.
Надрукавана ў №31 ад 19.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *