Полоцкий театр «Пилигрим» показал в Шумилино «Рогнеду»

Культура Общество

“Не хачу разуваці рабыніча”
Хто мы? Якія? Для чаго прыйшлі ў гэты свет? Цяжка адказаць на гэтыя пытанні, углядаючыся ў сябе, сваіх блізкіх, сучаснікаў. Трэба глядзець глыбей, праз вякі. І вось тады паўстануць выразныя постаці Рагвалода і Рагнеды, Еўфрасінні Полацкай і Францыска Скарыны, Кастуся Каліноўскага… Толькі тады пачынаеш усведамляць годнасць свайго паходжання,  гордасць за тое, што нарадзіўся менавіта на гэтай зямлі, абавязак памнажаць яе славу, шанаваць памяць продкаў.
Такія ноты зачапіў у душы заслужаны аматарскі калектыў Беларусі драматычны тэатр “Пілігрым”, які прэзентаваў Шуміліну спектакль “Рагнеда”. Калі шчыра, то ішла на спектакль без нейкіх асаблівых спадзяванняў, але амаль адразу зразумела, што мне абавязкова захочацца пабачыць яго яшчэ раз, а можа і не раз. Баюся, што ў мяне не хопіць слоў, каб выказацца, але дужа хочацца пакланіцца калектыву, падзякаваць за тое, што яны робяць, робяць шчыра і самазабыўна.
Гэта так натуральна, што пастаноўка такога кшталту нарадзілася менавіта ў Полацку. Гэтая роднасць абвастрае пачуццё патрыятызму, правільнага, глыбіннага.
Спектакль быў проста шэдэўральны. Магу меркаваць, што яго паставіў геніяльны рэжысёр. Яго не падвялі і акцёры: ігралі так, што некаторыя прафесіяналы могуць адпачываць. Асабліва ўразіла такая колькасць зусім маладых артыстаў. Ізяслава іграў, мне падалося, наогул школьнік, а як выдатна, прачула. Ды ўсе: Рагвалод, велічны, упэўнены ў сабе — гэта ва ўсім: у постаці, у хадзе, ва ўсмешцы… Рагнеда – прыгожая, гордая, з пачуццём гумару. Увесь спектакль быў прасякнуты духоўнасцю, любоўю да Радзімы і людзей. Яго ідэя – вярнуць імя Рагнеды гораду, паказаць лёс жанчыны, якая аддала сябе ў ахвяру свайму народу,  адказаць на пытанні, чым жылі нашы продкі,  у што верылі, што пранеслі праз стагоддзі. Паказаць, што Полацкае княства было не толькі магутнай дзяржавай, але і цывілізацыяй са сваёй культурай, якая дала свету шмат яркіх асоб.
Глыбокі сімвалізм, народныя матывы, абрады, гульні, рэканструкцыя баёў мечнікаў, касцюмы — усё пакідае моцнае ўздзеянне, усё адпрацавана да дробязяў. І гэта, калі не ўспамінаць пра высакакласнае тэхнічнае суправаджэнне спектакля, якое нараджае дадатковы аб’ём, дазваляе гледачу адчуваць сябе ўдзельнікам дзеі на сцэне.
Адно, не пакідае адчуванне таго, што мы здрабнелі з часоў Рагвалода і Рагнеды, неяк выцвілі, сталі беднымі на гонар і самасвядомасць, растрацілі нешта дужа важнае. На гэты спектакль абавязкова трэба вадзіць старшакласнікаў, каб абудзіць у іхніх душах сапраўдны, натуральны патрыятызм.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №31 ад 19.04.2013 г.



8 комментариев по теме “Полоцкий театр «Пилигрим» показал в Шумилино «Рогнеду»

  1. Действительно, был прекрасный спектакль. Жаль только шумилинцы, которые любят поплакать, что далеки от культурной жизни, проигнорировали в большинстве своём, поскольку административный ресурс не применили. И где настаўнікі беларускай мовы і гісторыі, которые и сами проигнорировали, и детям не подсказали.

  2. Сапраўды, было сорамна перад артыстамі за пустыя крэслы ў зале. Не сабралася і палова залы. Ці то рэкламы не хапіла, ці то мы ў большасці проста роўна дыхаем у бок творчасці. Але артысты ігралі так, быццам перад імі была паўнюткая зала. Многія гледачы выціралі слёзы.

  3. Шкадую, што не ўзяла на спектакль усю сям’ю. Таксама не чакала такога высокага ўзроўню. светлавыя эфекты, музыка, касцюмы, рэквізіт. Такога класу коласаўскія артысты нам не паказвалі, калі прыязджалі. хочацца, каб энтузіязм артыстаў не сціх, каб нараджаліся новыя ідэі, былі сродкі на іх увасабленне.

  4. Спасибо ГДК за приглашение «Пилигрима». Приглашайте их почаще.

  5. Цудоўная пастаноўка, найлепшыя артысты, прарыў пачуццяў, эмоцый…. вялікія Малайцы ўсе, хто ствараў спектакль… Дзякуй ВЯЛІКІ)))) Чакаем зноў у госці на Шуміліншчыну. Хочацца спадзявацца, што ў наступны раз нашы землякі, натхненныя ўбачаным, абавязкома напоўняць залу, бо такая ігра артыстаў патрабуе поўны зал, мора авацый…
    МАЛАЙЦЫ)))))))))))))

  6. Шкадую, што не змог пабачыць пастаноўку… Каментарыі ўражваюць…

  7. Грош цана ўсім нашым выхаваўчым выкрутасам, калі мы не прывялі сваіх вучняў на гэты спектакль.

  8. Natalia параўнала пілігрымцаў з коласаўцамі, і не на карысць апошніх, а калі з нашымі параўноўваць? Тады дзе акажамся? Сумна…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *