Женсовет. Обсуждаем брюки

Общество

Якое месца ў гардэробе жанчыны павінны займаць штаны?
Жанчыны ў калектыве – гэта асаблівая суполка. Як бы яны ні былі занятыя, усё адно выберуць час, каб абмеркаваць “гарачыя навіны”, ды і папляткарыць,  як жа без гэтага! Любімыя тэмы: “З кім цяпер гэта?”; “Што апрануць?”; “Што б такое прыгатаваць?”; “Як з панядзелка пачаць худзець?”
Вунь і нашы рэдакцыйныя з раніцы нешта ўзрушыліся, сабраліся ў аператарскай, шумяць. Што здарылася? Аказалася, гэта адна з нашых модніц змайстравала сабе камізэльку. Ну дык астатнія разглядваюць, мацаюць, хваляць. Вядома, жанчыны.
І тут мне падумалася: а што калі гэтую энергію накіраваць у арганізаванае рэчышча, напрыклад, сабраць усіх за кубкам кавы і папрацаваць над пэўнай тэмай. Вось у “газетныя”дні, калі здаём новы нумар у друкарню (панядзелак і чацвер), усё адно ніхто на абед не ходзіць, не паспявае, дык, можа, пасля таго як адправім апошнюю паласу і пагаворым пра наша, жаночае?
А, давайце, згадзіліся ўсе, і мы сабралі рэдакцыйны жансавет. 8 жанчын, 8 светапоглядаў, 8 меркаванняў. На парадак дня вынеслі тэму “Якое месца ў гардэробе жанчыны павінны займаць штаны?”
Тое, што яны павінны там прысутнічаць, нягледзячы на прапановы некаторых рэтраградаў мужчынскага полу, пад сумненне не бралі. Як і тое, што без іх ніяк не абысціся жанчынам асобных прафесій – вадзіцелям, напрыклад, ці тынкоўшчыкам.
Але мы больш вялі размову пра канторскіх, ці як цяпер мовяць, офісных кабет. Пачалі з сябе. Палічылі, колькі ў каго ў гардэробе штаноў. Высветлілася, што ад адной штукі да дзесяці. Прааналізавалі, як часта мы прыходзім на работу ў штанах. Канстатавалі, што перавагу штанам аддаюць Галіна і Ларыса (у нас дзве Ларысы, таму адну з іх мы будзем называць Ларысай, другую Лорай; дзве і Наталлі, адну з якіх будзем называць Наташай).  Дык вось, пытаемся ў прыхільніц мужчынскага атрыбуту адзення: “Чаму?” – “Мне так больш зручна”, адказала Галіна. “Штаны падкрэсліваюць годнасці жаночай фігуры”, – пераканана Ларыса.
А вось Наталля, Алена, Наташа і Кацярына пераважна ходзяць у спадніцах. “Чаму?” – “Мне штаны не пасуюць”, – гэта Каця. “У спадніцы я адчуваю сябе больш жаноцкай”, – кажа Алена. “А ў нас штаны закончыліся”, — дадаюць Наташа і Наталля.
Яшчэ дзве прадстаўніцы жаночай зборнай Лора і Аліна штаны носяць “з нагоды” – калі трэба ехаць у поле да камбайнера, у лес ці на ферму. Так зручней.
Але ўсе 8 членаў рэдакцыйнага жансавета аказаліся больш катэгарычнымі да прадстаўніц іншых прафесій. Адставіўшы кубкі з недапітай кавай убок, яны (а дакладней, мы) катэгарычна забаранілі кіраўніцам, настаўніцам, бізнэс-лэдзі насіць на работу джынсы, брыджы ці шорты, строга рэкамендавалі ўладальніцам карпулентных фігур, якія любяць насіць штаны, прыкрываць “зыбкія зоны” блэйзерамі, жакетамі, тунікамі, а ў асобных выпадках, калі вас, напрыклад, запрашаюць на сцэну за якой-небудзь узнагародай, варта ўсё ж расстарацца і набыць прыстойную сукенку і туфлі на абцасах, а не сунуцца ў шырокіх штанінах і ботах.
Пасля таго, як уволю накрытыкавалі іншых, мы падзяліліся марамі пра тое, якімі абновамі нам хацелася б папоўніць свой гардэроб да лета. І паколькі марыць можна абсалютна бясплатна, то чаго толькі мы ні захацелі! Летніх прыгожых і какетлівых сукенак, доўгіх і кароткіх спадніц, сумачак і  капялюшыкаў… А Наталля ў запале замарыла купіць адразу чатыры, а потым і пяць пар мадэльных туфлікаў рознага колеру, каб пад кожны убор! Дарэчы, у марах васьмі летуценніц аказаліся толькі адны  штаны (салатавага колеру).
Сорак хвілін, адведзеныя для пасяджэння жансавета, праляцелі імгненна. Наспеў час падводзіць рысу і пісаць рэзалюцыю. Мы напісалі:
1. Апранаць няма чаго.
2. Лёгкая прамысловасць пра нас зусім не думае.
3. Ад мужчын мы адназначна павінны чымсьці адрознівацца.
І яшчэ мы вырашылі праводзіць пасяджэнні рэдакцыйнага жансавета не радзей двух разоў на месяц. Тэма наступнага пасяджэння “Калі каханы крочыў налева…”.
Далучайцеся да нас, абмяркоўвайце разам з намі. Пішыце ў рэдакцыю, або на сайт газеты: www.shumilino.by
Ніна МАРТЫНАВА.
Надрукавана ў №32 ад 23.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *