Криминал. Присшесвия

Происшествия

Пакет
Жыхарка Обалі на лаўцы каля хаты пакінула на “хвілінку” пакет з рабочым адзеннем. І неўзабаве аб гэтым пашкадавала, бо пакет укралі. Як расказала пацярпелая супрацоўнікам РАУС, у пакеце яшчэ  знаходзіўся кашалёк, дзе было 7 тысяч рублёў Расійскай Федэрацыі, 5 еўра і 100 тысяч беларускіх рублёў. Злачынца вышукваецца.
Бульба
У РАУС звярнулася жыхарка райцэнтра з той нагоды, што яе гаспадарчую пабудову абрабавалі. Злодзеі вырвалі дзвярны прабой і ўкралі 480 кілаграмаў бульбы, а таксама моркву і буракі. Урон, нанесены гаспадыні, склаў больш за мільён рублёў.
Па гарачых слядах крадзеж быў раскрыты. На чужую гародніну паквапіліся чацвёра знаёмых – двое з Шуміліна і двое з Пальмінкі, што ў Гарадоцкім раёне. Супраць іх узбуджана крымінальная справа.
Порах
Жыхар Обалі  з восені мінулага года незаконна захоўваў у сваім доме 640 грамаў бяздымнага паляўнічага пораху.  А нядаўна мужчына здаў порах у раённы аддзел унутраных спраў. Паколькі незаконны порах абальчанін здаў у РАУС добраахвотна, крымінальная справа не была ўзбуджана.
Стартэр
Жыхарка Мікіціхі паведаміла ў міліцыю, што з трактара, які стаяў на падворку ля гаража, знялі стартэр. Як высветлілася, усяго два тыдні таму сын пацярпелай аглядаў трактар – усё было на месцы. А ў наступны свой прыезд да маці ўбачыў, што на падворку пабывалі злодзеі. Па дадзенаму факту ўзбуджана крымінальная справа.
Кумпяк
Жыхар Шуміліна меў звычку захоўваць свініну ў гаспадарчай  пабудове, што знаходзіцца на падворку. Гаспадар і падумаць не мог, што туды прабяруцца злодзеі і не замыкаў уваходныя дзверы. Прыйшоў за мясам – а кумпяка няма. Злодзеі вышукваюцца.
Пажар
У в. Бараноўскія загарэўся жылы дом. На пажары загінула пенсіянерка, гаспадыня дома. Праводзіцца судмедэкспертыза. Прычыны пажару ўстанаўліваюцца. Справы перададзены ў Шумілінскі аддзел Следчага камітэта.
Дзень бяспекі
Для недапушчэння траўматызму і гібелі вадзіцеляў двухколавых транспартных сродкаў 26 красавіка супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі праводзяць адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам “Колаў менш – небяспекі больш!” На дарогах рэспубліканскага і мясцовага значэння будзе правярацца, ці захоўваюць веласіпедысты і матацыклісты Правілы дарожнага руху. Супрацоўнікі ДАІ будуць нагадваць ім, што калі веласіпед не абсталяваны катафотамі, то пагражае штраф ад 1 да 3 базавых велічынь.
Не размінуліся
На перакрыжаванні шумілінскіх вуліц Юбілейная-Сіпко адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. Жыхар Шуміліна, які ехаў на аўтамабілі “Фольксваген-Джэта”, пры павароце налева з вуліцы Юбілейнай на вуліцу Сіпко не ўступіў дарогу  “Фольксваген-Пасат” (ім кіраваў жыхар Наваполацка), што ехаў у сустрэчным накірунку. У выніку аўтамабілі сутыкнуліся. Вадзіцелю “Фольксваген-Джэта” пагражае штраф ад 3 да 30 базавых велічынь або пазбаўленне вадзіцельскіх правоў тэрмінам на два гады.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №32 ад 23.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *