Бдительность сотрудникови шумилинской ГАИ помогла пресечь несколько преступлений

Происшествия

Вёз 175 літраў саляркі, фарбаванай
Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі правяраюць не толькі вадзіцельскія правы, дакументы на аўтатранспарт, але і грузы. А яны, як сведчаць факты, не заўсёды бываюць законнымі.
Інспектары дарожна-патрульнай службы Аляксандр Ляшкевіч і Дзмітрый Навіцкі прыпынілі аўтамабіль “Мерседэс-Бэнс”, на якім жыхар райцэнтра перавозіў у каністрах 175 літраў фарбаванай саляркі. Вядома, паліва сіняга колеру на заправачных станцыях не прадаецца. Адназначна, яно было крадзенае.
“Мужчына патлумачыў, што купіў гэту салярку з рук, – кажа начальнік ДАІ РАУС М. У. Гаралевіч. –  На вадзіцеля згодна з арт.12.30 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях  “Незаконнае абыходжанне з нафтай, вадкім палівам у Рэспубліцы Беларусь” складзены адміністрацыйны пратакол. Пагражае штраф да 100 базавых велічынь.
Дарэчы, як нам расказалі ў РАУС, па дадзенаму факту праводзіцца  праверка, высвятляецца, якім чынам салярка трапіла ў багажнік прыватнага аўто. А незаконны прадавец, які гандлюе дзяржаўнай маёмасцю,  рана ці позна будзе прыцягнуты да адказнасці.
Больш за тону чорнага металу
Супрацоўнікі дарожна-патрульнай службы затрымалі ў Шуміліне мясцовага жыхара, які на аўтамабілі “Фольксваген-Транспарцёр” незаконна перавозіў лом чорнага металу. Груз “пацягнуў” больш як пяцьсот кілаграмаў. Металалом быў зусім не з рэчаў дамашняга ўжытку. Як патлумачыў вадзіцель, збіраў ён гэты лом па кустоўю і канавах увогуле першы раз у жыцці.
Затрыманая машына была дастаўлена ў інспекцыю Міністэрства па падатках і зборах (ІМПЗ) па Шумілінскім раёне. За каментарыем мы звярнуліся да начальніка аддзела падаткаабкладання фізічных асоб А. В. Ільінца. “На нарыхтоўку чорнага лому ці любога іншага патрэбна  мець ліцэнзію, – кажа Аляксей Васільевіч. – У адваротным выпадку гэта лічыцца незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасцю. Што датычыцца канкрэтнага выпадку, то мужчына сцвярджаў, што гэта была адзіная акцыя ў ягоным жыцці. Тым не менш ягонае прозвішча ўнесена ў базу. І калі на першы раз абышлося папярэджаннем, то пасля паўторнага такога ж парушэння мужчыну пагражае адміністрацыйная адказнасць. Пратакол у такім разе накіроўваецца ў гаспадарчы суд,  дзе і выносіцца прысуд. А ўвогуле ў такіх выпадках пагражае штраф да ста базавых велічынь. Пры гэтым можа быць канфіскаваны і лом, і аўтамабіль, на якім яго перавозілі”.
Дарэчы, названыя санкцыі не распаўсюджваюцца на дамашні лом. Калі, скажам, вы наводзіце парадак на падворку і вырашылі здаць на металалом запчасткі ад уласнай легкавушкі, стары халадзільнік ці газавую пліту – калі ласка. Вас не спыняць ні супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі, падатковая інспекцыя не прад’явіць прэтэнзій.
Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, у раёне быў выяўлены яшчэ адзін факт незаконных перавозак. Ля в. Бараноўскія на аўтамабілі «Мерседэс» быў затрыманы жыхар Віцебска, які перавозіў 600 кг чорнага металу. Супрацоўнікі ДАІ перадалі справу ў ІМПЗ.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №34 ад 30.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *