Размышления об актуальности одного старого фильма

Общество

Не ў брыво, а ў вока
Усё больш мне па душы Трэці беларускі канал. Мала таго, што адтуль можна пачарпнуць шмат цікавага з культурнай, гістарычнай, этнаграфічнай спадчыны, дык тут песцяць нас беларускімі мастацкімі стужкамі. Нядаўна з задавальненнем  паглядзеў фільм “Шлюбная ноч” па Івану Шамякіну, зняты на добрай беларускай мове. Значыць, маглі некалі, не баяліся, што  мова стане перашкодай для шырокага   прагляду карціны. Пацешыўся, шчыра кажучы, беларускай гаворкай выдатных беларускіх артыстаў.
Ды не пра гэта павяду больш разгорнутую гаворку – пра іншы, але не менш змястоўны фільм “Амністыя” (па п’есе Мікалая Матукоўскага “Траянскі конь”), які паказалі на Трэцім канале. Даўно не чытаў п’есы гэтага майстра слова, а паглядзеў фільм  і адразу зразумеў: не ў брыво б’е ён, а прама ў вока. Сюжэт, здаецца, просты: на прадпрыемстве, дзе вырабляюць дзіцячыя цацкі, працуе адзін “гусь”, вакол якога і пабудаваны ўвесь сюжэт. Ён п’яніца і абібок, затое ўмее (навучыла, як гэта ні парадаксальна, само  начальства) “качаць” свае правы. Намеснік дырэктара “вырывае” яго з міліцыі, куды трапляе гэты “гусь” за хамства і хуліганскія ўчынкі, падаўшы на яго добрую характарыстыку. Дарэчы, гэтая лжэхарактарыстыка і стане для  п’яніцы ў далейшым самай, бадай, казырнай картай. На фабрыку едзе “рэвізор”, а гэты “фрукт” можа нагаварыць яму шмат  непрыемнага, таму для п’яніцы   знаходзяць “гарачую” пуцёўку ў Сочы.  Ён сустракае ў купэ чалавека, які едзе ў круіз па Міжземным моры, злазіць з цягніка і вяртаецца на фабрыку, бо таксама хоча ў круіз.  Гэты нікчэмны чалавек зазнаецца, ён уяўляе сабе ўжо, што пуп зямлі, што ён нязломны барацьбіт за правы чалавека…
У канцы фільма яго “зламалі”, выкрылі ягоную сутнасць. Фільм выйшаў на экран у  1980 годзе, але злабадзённы і па сённяшні дзень. Сёння, можа, яшчэ больш актуальны, чым быў у пару выхаду на экраны. Паглядзіце, як возімся мы з рознага роду п’яніцамі, лайдакамі, проста дэгенератамі! Як баімся, каб чаго не атрымалася  з імі такога, за што па галоўцы не пагладзяць. Словам, перастрахоўшчыкі. А  добры чалавек часта застаецца сам-насам са сваімі праблемамі.
Сёння не існуе таварыскіх судоў, хаця той-сёй і падае голас аб тым, каб вярнуць іх у наша жыццё. Не думаю, што гэта будзе  другім дыханнем знаходкі “савецкага гуманізму”, бо ў свой час яны сябе нямала дыскрэдытавалі. Тады ж увесь рэй вёў менавіта таварыскі суд фабрыкі. Драматург праз сатыру паказаў, як вёў і што з гэтага атрымалася.
Возьмем калгасную гаспадарку, дзе няма ўжо каму даіць кароў. Тут кожны другі ці трэці – аматар “закінуць за каўнер”, але як без яго, калі талковых  людзей мізэрнай зарплатай не прыманіш. Многія, бачачы такую паблажку, і казыраюць, і  ходзяць гогалем. Або вось хто скардзіцца часцей за ўсё?  Хто ідзе да начальства, каб памянялі  збуцвелы плот,  прывезлі пяску-гравію зрабіць падсыпку ў сваім двары, каб спілавалі дрэва, якое пасадзіў некалі сам?.. Ды ці мала такіх жыццёвых сітуацый, якія даюць нагоду звярнуцца за дармавым,  назойліва  абіваючы парогі?
А сціплы чалавек усё робіць сам. Таму і не заўважаюць яго, а скаржнік заўсёды на слыху.  Каб спыніць паток лістоў, захаваць свае нервы, чыноўнікі ўсяляк стараюцца яму дагадзіць. Спачатку па-за чаргой фарбуюць яму дом, падсыпаюць у двары, а затым наогул пакладуць асфальт.  Але той “праўдашукальнік” не можа ўгаманіцца, яму здаецца, што ён стаў самым паважаным чалавекам на зямлі і садзіцца, даруйце, на галаву.  Ён не разумее і не хоча разумець: усе гэтыя даброты яму не валяцца з неба, яны  даюцца яму за кошт падаткаў, якія плацім усе мы, і кожны разлічвае на такую ж увагу. Але прабіўная сіла, хітрыкі такога  “траянскага каня” робяць дзівосы!
Тэлефільм “Амністыя” зняты больш за 30 гадоў назад, але сатыра  па-ранейшаму “маладая”. Празорлівым усё ж быў беларускі драматург!..
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №45 ад 11.06.2013 г.



11 комментариев по теме “Размышления об актуальности одного старого фильма

  1. Такое впечатление, что автор посмотрел этот древний фильм впервые. А актуальности фильм никогда не терял. С алкашами как возились и нянчились, так и продолжают. Сейчас ещё больше. их уже на работу не водят, а возят на служебных машинах…

  2. Калі ж мы навучымся паважаць і цаніць разумнага і прыстойнага чалавека? Дзяцей нараджаюць алканаўты, дык дазвольце спытаць, які генафонд чакае нашу нацыю? Да якіх дэбілаў скоцімся? Пара зразумець уладам гэтую праўду жыцця. Не вазіцца з імі, а ізаляваць, адправіць на «перакоўку». Не ў ЛТП (пустое), знайсці іншыя рэзервацыі. Помню, пракурор раіў адаслаць іх у Глыбоцкі манастыр. Абы-што: хто іх туды прыме? Там трэба працаваць.

  3. Непрыемна ўразіла так называемае “Размышления об актуальности одного старого фильма”. Звычайны вучнёўскі пераказ. Так я сваім дзецям даю заданне: напісаць падрабязны пераказ фільма, што нядаўна глядзелі (8 клас) І вучні пішуць. А тут у сур’ёзнай газеце ад сур’ёзнага аўтара і такі матэрыял. Проста жах,здаецца, вучань пачатковых класаў зробіць такі пераказ.

  4. Не настаўнік, а проста Якуб Колас, не менш! Хаця ці напісаў ты сам, ягамосць, хоць тры радкі такога пераказу. Ды калі папраўдзе, тут справа не ў пераказе, тут узнімаецца праблема. А ты, шэльма, пішаш, што вучань-пачатковец такое напіша. Вялікі ты разумнік, розум, пэўна, так і прэ з тваіх вушэй.

  5. А ты, Прастафіля, дай таму грамацею пераказаць тэкст. Скажам, пра Усяслава Чарадзея. Ды ён натрасе табе такой трасянкі, што схопішся за галаву. Злыдзень ты, а не настаўнік!

  6. Проверь печень, Сидор, желчью изойдёшь. Да и нервишки подлечить не помешает

  7. Сидар, ты чего такой злой? Почему у тебя одна желчь. Ты вечно недовольный всем и всему. Тебе что жонка не даёт, или другие проблемы. Поэтому такой обозленный

  8. Прастафіля і Сідар, вы, выпадкова, не родныя браты? Вам, што ў школе з настаўнікамі не шанцавала?

  9. Шаноўнае спадарства, лепш падумайте, чаму Беларусь амаль што адзіная краіна на постсавецкай прасторы, ці нават у свеце, дзе мясцовыя ўлады так клапоцяцца і возяцца з асацыяльным кантынгентам. Такого нідзе няма, нават у самых дэмакратычных і свабодных краінах. Паказаўся п’яны на вуліцы -дзікія штрафы, нахаміў кліенту ці калегам, або адзін раз выпіў на рабоце — пайшоў вон. Ніякіх там назіральных камісій ці пунктаў аховы грамадскага парадку пры мэрыях няма. Ёсць паліцыя і суд. Рабочых месцаў для люмпенаў таксама не павінна быць. Ёсць рэабілітацыйныя цэнтры ці начлежкі з бясплатным супам. Прычым не мае значэння, апушчаны алкаголік гэта ці ўчарашні акадэмік. Вось і ўсё.
    А ў нас выхоўваюць дарослых дзецюкоў і цётак нібы тых маленькіх дзетак, якія нашкодзілі ў пясочніцы. Навошта гэты інфантылізм з абодвух бакоў?

  10. А развялося ж такіх люмпенаў, ажно жах! З ліловымі насамі, у каго трасецца барада. У нас хочуць з іх зрабіць людзей. Марна! Колькі ваўка ні кармі… Згодзен з Алесем, разумная прапанова. Відаць, сорамна бацьку ісці на начлежкі з бясплатным супам. Мы ж гуманная нацыя?! Ды і хочацца вырваць з іх кампенсацыю. А што яны каштуюць нам даражэй, чым самі заробяць – нікога не калыша. Шкада!..

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *