В Комитете госконтроля

У Камітэце дзяржкантролю

Зарплату – тушонкай?..
Вывучалася сітуацыя з тэрмінамі і паўнатой выплаты заработнай платы  работнікам сельгаспрадпрыемстваў  Чашніцкага, Талачынскага і Міёрскага раёнаў.
На Талачыншчыне пратэрмінаваную запазычанасць па выплаце зарплаты дапусцілі 8 з 14 сельгаспрадпрыемстваў. Увогуле ж 11 гаспадарак раёна сістэматычна дапускалі пратэрміноўку  выплаты да 36 дзён.  У 11 арга-нізацыях аграрнага сектара практыкуюць выдачу зарплаты за студзень-красавік у натуральнай форме (прадукцыяй).
Падобная сітуацыя з гэтым у Чашніцкім раёне, дзе таксама не могуць знайсці свабодныя грошы для выплаты ў пару зарплаты работнікам сельгаспрадпрыемстваў, і тут зарплата часткова выдавалася прадуктамі харчавання.
Асноўная прычына сітуацыі – нездавальняючае фінансавае становішча. Праўда, па стану на 7 чэрвеня 2013 года запазычанасць па выплаце заработнай платы ў гаспадарках, дзе з гэтым былі праблемы, пагашана.
Супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю нагадваюць, што пытанні сацыяльнай абароны людзей знаходзяцца пад самым пільным кантролем. Звесткі аб фактах непрыняцця патрэбных мер мясцовымі і распарадчымі органамі  па забеспячэнні своечасовай  выплаты зарплаты  прадпрыемствамі і арганізацыямі вобласці  прымаюцца ў Камітэт дзяржкантролю Віцебскай вобласці па тэлефонах “гарачай лініі” 36-44-95, 36-28-78 у рабочыя дні з 9.00 да 13.00, з 14.00 да 18.00.
Свая рука – валадар
Па пытаннях распараджэння дзяржаўным жыллёвым фондам  супрацоўнікі Полацкага міжраённага камітэта дзяржкантролю праверылі  аддзел адукацыі Полацкага райвыканкама.
Было ўстаноўлена, што начальнікам аддзела ў 2011 годзе былі дадзены незаконныя ўказанні сваім падначаленым аб заключэнні дамовы найму жылога дома ў адной з вёсак раёна паміж мясцовай школай і бацькам начальніка аддзела з наступнай прыватызацыяй жылля ў 2012 годзе.
Здзелка была незаконнай: на той час бацька начальніка аддзела не меў патрэбу ў жыллі (у яго быў дом ), а па-другое, у сельвыканкаме, у якім была праведзена здзелка, на чарзе для атрымання жылля стаялі 13 чалавек, трое з іх прэтэндавалі на гэты дом. Больш таго, дом быў адчужаны па заніжаным кошце. У выніку быў прычынены ўрон дзяржаўнай маёмасці на суму 29,5 мільёна рублёў.
Акрамя гэтага, Полацкі райвыканкам даў згоду на прыватызацыю трох іншых жылых дамоў у тым жа сельсавеце, якія знаходзяцца ў веданні аддзела адукацыі. Для жылля быў прыменены заніжаны ацэначны кошт, і дзяржава недаатрымала 89,9 мільёна рублёў.
Полацкім міжраённым аддзелам Следчага камітэта  Рэспублікі Беларусь у адносінах да начальніка аддзела адукацыі райвыканкама ўзбуджана крымінальная справа па прыкметах саставу злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 424 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі). Прычыненая шкода ў выніку незаконных актаў часткова кампенсавана (89,9 мільёна рублёў).
Пратэрміноўка – да трох гадоў
Статыстыка адзначае, што рост знешняй дэбіторскай запазычанасці ў Віцебскай вобласці  за 1 квартал 2013 года склаў 12%, пратэрмінаваная запазычанасць павялічылася на 27,6%.
Найбольшы рост дапусцілі арганізацыі рэспубліканскага падпарадкавання.
Праверка арганізацый з пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасцю супрацоўнікамі Камітэта засведчыла, што ў гэтым накірунку шмат недапрацовак. Напрыклад,   ААТ “Лантан” мае права мець на сваіх рахунках дадаткова 602592 расійскія  рублі – ад паставак тавараў, аднак пратэрміноўка з аплатай доўжыцца ўжо ад 906 да 996 дзён. Знешнеэканамічная аперацыя на суму 2500 дол. ЗША завершана з перавышэннем тэрмінаў ад 14 да 336 дзён, на суму 8029 дол. ЗША – на 1129 дзён.
У падобнай сітуацыі аказаліся шэраг таварыстваў з абмежаванай адказнасцю і адкрытых акцыянерных таварыстваў.
У студзені-маі 2013 года за выяўленыя парушэнні тэрмінаў правядзення знешнегандлёвых аперацый да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 9 юрыдычных асоб на агульную суму штрафу 2201,8 мільёна і 5 фізічных асоб на суму штрафу 2,2 мільёна рублёў.
Падрыхтаваў Мікалай БАРЫСАЎ.
Надрукавана ў №47 ад 18.06.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *