Шумилинская районная организация БРСМ приглашает студентов и школьников в стройотряды

Актуалии Молодёжь

Зарабіць можна і дома, і за мяжой
Помніцца з юнацтва вялікае жаданне мець уласныя грошы. Не тыя, што выдзяляюць бацькі, а менавіта свае, якія можна патраціць, на што захочаш, якія зарабіў сам. Гэта дадае даросласці, упэўненасці ў сабе. Не толькі студэнцкая моладзь, але і многія школьнікі выкарыстоўваюць час летніх канікулаў, каб падзаробіць. А сёлета студатрадаўскі рух атрымаў новае дыханне, пра што мы даведаліся, пагутарыўшы з першым сакратаром райкама ГА БРСМ Аляксандрам Хмарыным.
Прадпрыемствы і арганізацыі раёна могуць забяспечыць працай на лета больш як дзвесце старшакласнікаў. Па распараджэнні губернатара вобласці А. М. Косінца на кожнай малочна-таварнай ферме, што будуецца ці рэканструюецца, павінна быць арганізавана праца будаўнічага атрада як мінімум з дзесяці чалавек. На Шуміліншчыне гэта актуальна для такіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, як “Лаўжанскае”, “Прыдзвінскі”, “Сіроцінскі”, “Ульскі”, “Шумілінскі райаграсэрвіс” (дзве фермы) і “АграБаравінка”. Таксама запланаваны работы на зернесушыльных комплексах па іх падрыхтоўцы, дапрацоўцы зерня – гэта яшчэ пяць атрадаў. Два атрады будуць працаваць у “Радніку” на ўборцы і пераборцы бульбы. У Шуміліне ўжо гатовы прыняць на работу па 30 чалавек лясгас (экалагічны атрад) і ПМК-70 (падсобныя работы на будаўнічых аб’ектах). Дарэчы, згодна з заканадаўствам, удзельнікі студатрадаў вызваляюцца ад выплаты падаходнага падатку. І медкамісію яны праходзяць таксама бясплатна.
Зараз БРСМ сумесна з аддзелам адукацыі райвыканкама займаюцца агітацыяй, запрашаюць як мага больш вучняў да працы летам. Асноўны стымул тут, канешне, – заработная плата. Скажам, у лясгасе пры добрай рабоце абяцаюць плаціць і 100 тысяч за дзень, на будаўніцтве фермаў можна заробіць мільён чатырыста тысяч за месяц. Безумоўна, дзецям гарантаваны добрыя ўмовы працы, захаванне тэхнікі бяспекі і няпоўны рабочы дзень, запэўніў першы сакратар. Працаваць можна хоць усё лета.
Акрамя таго, БРСМ арганізуе работу і за межамі краіны, але гэта толькі для тых, каму споўнілася 18 год. Калі ёсць жаданне, можна працаваць правадніком на расійскай чыгунцы. Для гэтага не трэба спецыяльнай адукацыі, дастаткова дыстанцыйна вывучыць некалькі інструкцый, прайсці гутарку ў Маскве і, калі ласка, – зарабляй ад 700 долараў за месяц. Прычым, калі дадаткова выконваць работы па ахове вагонаў, іх камплектаванні, не злоўжываць выхаднымі днямі, то зарплата сур’ёзна павысіцца. Важна і тое, што гэта афіцыйнае працаўладкаванне, узгодненае з усімі неабходнымі службамі і ведамствамі, што гарантуе бяспечную працу і захаванне прапанаваных умоў. Такім чынам, ніякіх праблем у моладзі ў Расіі не ўзнікне. Дарэчы, тыя, хто ўжо працавалі на чыгунцы, расказвалі, што за добрую работу можна атрымаць нядрэнныя прэміі, а таксама айфоны, мабільныя тэлефоны і іншыя падарункі. “Летась нашы хлопцы і дзяўчаты папрацавалі па паўтара-два месяцы і на заробленыя грошы паехалі адпачываць на мора. Усім спадабалася”, – расказвае А. Хмарын. І гэта, калі не гаварыць пра магчымасць падарожжа па ўсёй Расіі і асвойвання новай прафесіі, што таксама важна. Райкам гатовы такім чынам уладкаваць 20-30 чалавек. Праўда, пакуль скарыстаць такую магчымасць пажадалі толькі двое.
Праз БРСМ можна таксама ўладкавацца на працу ў Туапсэ (Краснадарскі край) нянямі, афіцыянтамі, прыбіральшчыкамі, дзіджэямі, кухоннымі рабочымі. Гэта прапанова дужа заманлівая, нягледзячы нават на тое, што заробіць можна ўсяго да 2 мільёнаў беларускіх рублёў за месяц. Графік работы арганізаваны такім чынам, што два дні працуеш, наступныя два дні – адпачываеш, пражыванне і харчаванне бясплатнае.  Наўрад ці знойдзецца больш танны спосаб адпачыць на Чорным моры.
Райкам БРСМ трымае сувязь з моладдзю ў тым ліку і праз групу “У Кантакце”, дзе падрабязна можна даведацца пра ўсе прапановы па працаўладкаванні і не толькі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №47 ад 18.06.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *