Советы врача. Когда на улице за 30

Здоровье

Калі спякотна
Мы заўжды з нецярпеннем чакаем лета: фрукты, гародніна, сонца, адпачынак каля вады. А калі слупок тэрмометра паўзе за 30, на небе ні воблачка, паветра не варухнецца, кожны змагаецца са спёкай як можа. Між тым ёсць пэўныя правілы выжывання пры анамальным надвор’і.
Адзенне. Свабоднае і толькі з натуральных тканін светлых таноў. Бялізна таксама з бавоўны. На галаве – абавязкова капялюш, касынка, хустка, панама. Абутак адкрыты (сабо, басаножкі) і лепш з натуральнай скуры.
Час. Дзецям, пажылым, людзям, якія пакутуюць на сардэчна-сасудзістыя захворванні, лепш знаходзіцца на вуліцы да 12 і пасля 17 гадзін.
Работа. Калі вы працуеце на адкрытым паветры, то рабочае адзенне, спецадзенне таксама павінна быць з натуральных тканін. У любым выпадку працаваць на адкрытых сонечных месцах лепш у ранішні ці вячэрні час.  Па ўзгадненні з адміністрацыяй варта перанесці працоўны дзень на ранішнія ці вячэрнія гадзіны.
Піццё. Лепш запаволіць смагу цёплы кіславаты напой: квас, кампот, морс, дапушчальны зялёны чай ці мінеральная вада без газу. У спякотныя дні трэба больш піць, бо арганізм губляе шмат вадкасці. Калі звычайная норма 1-1,5 л вадкасці за дзень, то ў спёку трэба піць да 3-х літраў.
Ведайце і памятайце: халодныя напоі не наталяюць смагу!!!
У спёку пры сабе трэба мець звычайную пітную ваду. Пры неабходнасці можна памыць твар, рукі. Мокрай тканінай працерці скуру, асабліва ў лакцявых згібах, падкаленных ямках, на бакавой паверхі шыі – там праходзяць крывяносныя сасуды, ахаладжэнне якіх прынясе палёгку.
Хваробы. Калі у вас ёсць праблемы са здароўем, то спёка можа іх узмацніць. Трымайце заўсёды пры сабе неабходныя лекі і мабільны тэлефон для экстранай сувязі.
Жыллё. У гарадской кватэры выратаваннем ад спёкі могуць стаць шчыльныя шторы на вокнах, жалюзі. Трэба развешаць па кватэры мокрыя махровыя ручнікі, расставіць міскі з вадой ці лёдам, часта праціраць халоднай вадой падлогу. Перыядычна прымайце душ ці ванну з цеплаватай вадой.  Рабіць пастаянныя скразнякі непажадана, бо можна выклікаць прастуду.
Калі усё зробленае не дапамагло і вы адчулі слабасць, ваніты, пачала кружыцца галава, біцца сэрца, з’явілася патлівасць – тэрмінова тэлефануйце ў медыцынскую ўстанову і без пярэчання выконвайце ўсе далейшыя ўказанні і рэкамендацыі медыцынскага работніка.
А. ПАЛЬВІНСКАЯ, урач-тэрапеўт ЦРБ.
Надрукавана ў №49 ад 25.06.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *