Шумилинский райсельхозпрод предлагает выпускникам целевые направления в сельскохозяйственные ВУЗы и ССУЗы

Молодёжь Образование Сельское хозяйство

Райсельгасхарч дае накіраванні
Многія выпускнікі школ раёна вучацца па накіраванні ад прадпрыемстваў і арганізацый . Накіраванні на вучобу можна атрымаць і ва ўпраўленні райсельгасхарчу райвыканкама.
“У мінулым годзе мы выдалі дзевяць накіраванняў, – паведамілі нам спецыялісты райсельгасхарчу. – Чатыры выпускніка вучацца ў вышэйшых навучальных ўстановах на факультэтах “ветэрынарная медыцына”, паступілі ў сярэдне-спецыяльныя ўстановы.
Многія з выпускнікоў паступілі па накіраваннях раней. Так, ААТ “Ляжні” вучыць для сябе двух ветурачоў, “Прыазёрны мір” – заатэхніка, ад ААТ “Лаўжанскае” таксама вучыцца дзяўчына на ветурача.   І сёлета ёсць жадаючыя ўзяць накіраванні. У сельскагаспадарчых установах пажадалі вучыцца 17 выпускнікоў раёна, 7 з іх – у ВНУ. Спецыялісты райсельгасхарчу праводзілі ў школах раёна прафарыентацыйную работу, і гэта дало свой плён.
“Што пайду вучыцца ў ветэрынарную акадэмію, я вырашыла даўно, –  кажа выпускніца Лаўжанскай школы Анастасія Кавалеўская. – Буду браць накіраванне ад раёна, думаю, яно дапаможа пры паступленні. Пасля заканчэння вучобы вярнуся ў свой раён”.
У гэтым годзе выпускнікі бяруць накіраванні ў ветакадэмію, у Гарадоцкі і Полацкі аграрна-тэхнічныя каледжы, Лужаснянскі аграрны каледж, Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, іншыя ўстановы сельскагаспадарчага накірунку.
Як правіла, большасць студэнтаў, што паступілі па накіраванні, заключаюць і мэтавыя дагаворы з канкрэтнай гаспадаркай, згодна з якімі гаспадарка штомесячна выплачвае дадатковую даплату. Напрыклад, студэнты ВНУ атрымліваюць кожны месяц па 400-500 тысяч рублёў да стыпендыі, навучэнцы сярэдне-спецыяльных устаноў – па 200 тысяч рублёў. Падтрымліваюць гаспадаркі раёна і сваіх маладых спецыялістаў – першыя два гады выплачваюць дадаткова адну стаўку тарыфнага  разраду (гэта  на сёння 240 тысяч рублёў), наступныя тры гады – па тры тарыфныя стаўкі першага разраду.
Акрамя таго, кожнаму маладому спецыялісту, хто прыйшоў працаваць па накіраванні, выплачваюцца пад’ёмныя, суму якіх вызначае гаспадарка. Так, у красавіку гэтага года малады спецыяліст “Ульскага” атрымаў восем мільёнаў рублёў пад’ёмных.
Для тых, хто пажадае ўзяць накіраванне на вучобу ў сельскагаспадарчыя ўстановы, зрабіць гэта яшчэ не позна. “Па-ўсякаму здараецца ў жыцці, магчыма, хтосьці не пройдзе па конкурсу ў медыцынскі інстытут ці яшчэ якую ўстанову, – кажа вядучы спецыяліст райсельгасхарчу Алеся Аўтушка. – Тады можна звярнуцца да нас па тэлефоне 4-18-51 і мы падкажам, у якую навучальную ўстанову магчыма ўзяць накіраванне з вашымі сертыфікатамі. Некаторыя не ведаюць, што для тых, хто жадае вучыцца ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі на юрыста, мы таксама даём накіраванне”.
Дарэчы, кожны год у сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна з розных навучальных устаноў прыязджаюць па накіраванні спецыялісты. Часта яны адпрацоўваюць толькі абавязковы тэрмін і з’язджаюць. А ў гаспадарках не хапае ветурачоў, аграномаў, вадзіцеляў, механізатараў, зваршчыкаў, токараў. Таму ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама робіць стаўку на выпускнікоў школ раёна. Маладым сем’ям у гаспадарках адразу прадастаўляюць жыллё.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №49 ад 25.06.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *