В районной прокуратуре: против коррупции – всем обществом

Актуалии Закон

Супраць карупцыі – усім грамадствам
Некалькі тыдняў таму Генеральная пракуратура Беларусі накіравала ва Урад краіны інфармацыйны ліст, у якім прапанавала прыняць канкрэтныя меры, накіраваныя на актывізацыю супрацьдзеяння карупцыі. У ім падкрэслівалася, што нярэдка гэта работа носіць шаблонны і паверхневы характар. Пры гэтым не ўлічваецца галіновая ці іншая спецыфіка канкрэтнага міністэрства ці арганізацыі, што не дазваляе дасягаць станоўчых вынікаў.
Гэта выклікана яшчэ і тым, што на працягу апошніх трох год у краіне назіралася тэндэнцыя да скарачэння выяўленых карупцыйных злачынстваў, аднак за чатыры месяцы бягучага года іх колькасць у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павялічылася з 823 да 911, ці на 10,6%.
Так, у Віцебскай вобласці за 5 месяцаў здзейснена 166 карупцыйных злачынстваў. У Шумілінскім раёне сёлета не зафіксавана ніводнага злачынства карупцыйнага характару. Аднак гэта не сведчыць аб тым, што карупцыі у нас няма. Гэты працэс вельмі скрытны. І ў даным накірунку, трэба прызнаць, недапрацоўвае аддзел унутраных спраў.
Карупцыя нараджае такія негатыўныя наступствы, як сацыяльная няроўнасць, татальнае разбурэнне маральна-этычных устояў грамадства, недавер насельніцтва да дзяржаўнай улады і яе інстытутаў. Трапляючы ў розныя сферы жыццядзейнасці грамадства, карупцыя скажае эканамічную палітыку і стратэгію развіцця краіны, вядзе да крадзяжу дзяржаўнай уласнасці, наносіць каласальны ўрон грамадству і дзяржаве.
Базавым дакументам, на падставе якога арганізуецца антыкарупцыйная дзейнасць у нашай краіне, з’яўляецца Закон Рэспублікі Беларусь «Аб барацьбе з карупцыяй» .
Дзеючым заканадаўствам да дзяржаўных органаў, што ажыццяўляюць барацьбу з карупцыяй, аднесены органы пракуратуры, унутраных спраў і дзяржаўнай бяспекі. Пры гэтым пракуратура з’яўляецца адказнай за арганізацыю барацьбы з карупцыяй і каардынуе дзейнасць іншых дзяржаўных органаў у даным накірунку.
З мэтай адназначнага разумення тэрміну «карупцыя» з пункту гледжання крымінальнага закона на дзяржаўным узроўні вызначаны пералік карупцыйных злачынстваў. Да іх аднесены:
– крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі;
– легалізацыя службовай асобай матэрыяльных каштоўнасцей, набытых злачынным шляхам;
– злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі з карыснай ці іншай асабістай зацікаўленасці;
–    перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў, здзейсненае з карыснай ці іншай асабістай зацікаўленасці;
–    атрыманне і даванне хабару, пасрэдніцтва ў хабарніцтве, атрыманне незаконнай узнагароды.
Мінімальны памер хабару, за які наступае крымінальная адказнасць, заканадаўствам не вызначаны.  За здзяйсненне карупцыйных злачынстваў да вінаватых асоб могуць быць прыменены розныя віды пакарання, з улікам характару і ступені грамадскай бяспекі здзейсненага злачынства, матываў і мэт, асобы вінаватага, шкодных наступстваў, абставінаў, што змягчаюць ці абцяжарваюць адказнасць.
Між іншым, вось што прадугледжвае Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь за атрыманне хабару (арт. 430 КК РБ “Атрыманне хабару”: ч. 1 – да 7 год пазбаўлення волі; ч. 2 – ад 3 да 10 год пазбаўлення волі; ч. 3 – ад 5 да 15 год пазбаўлення волі).
Усе часці артыкула прадугледжваюць канфіскацыю маёмасці вінаватай асобы і пазбаўленне права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю.
Яшчэ адзін нюанс: характар асуджэння – карупцыйныя артыкулы – не дае права на ўмоўна-датэрміновае вызваленне і памілаванне.
За даванне хабару чакае (арт. 431 КК РБ “Даванне хабару”): ч. 1 – да 5 год пазбаўлення волі; ч. 2 – ад 2 да 7 год; ч. 3 – ад 5 да 10 год пазбаўлення волі). Таксама прадугледжана канфіскацыя маёмасці.  Аднак у даным выпадку трэба ведаць, што калі асоба, якая дала хабар, пасля добраахвотна заявіла пра здзейсненае, альбо мела месца вымаганне хабару і асоба пра гэта паведаміла, яна вызваляецца ад крымінальнай адказнасці.
Падводзячы вынік сказанаму, варта адзначыць, што кіраўнікамі арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў раёна  павінна праводзіцца пастаянная работа па прафілактыцы праяўлення карупцыі. Адным з важнейшых элементаў арганізацыі работы, што садзейнічае недапушчэнню карупцыйных праяў, з’яўляецца належны падбор і расстаноўка кадраў, дэталёвае вывучэнне маральна-дзелавых якасцяў работнікаў. Поспех сумеснай дзейнасці па супрацьдзеянню карупцыі магчымы пры ўмове разумення кожнай службовай асобай, грамадзянінам і грамадствам у цэлым згубнай ролі гэтага сацыяльнага зла.
Я. ГУЛЯЕЎ, пракурор Шумілінскага раёна.
Надрукавана ў №49 ад 25.06.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *