В Комитете госконтроля

Вестник Комитета госконтроля

Замарозілі і забыліся?..
У чэрвені  Камітэт дзяржкантролю Віцебскай вобласці правёў пазапланавыя аператыўныя праверкі гандлёвых аб’ектаў   таварыства з дадатковай адказнасцю “Ярлінг Плюс” і таварыства з абмежаванай адказнасцю “Будзабеспячэнне”, размешчаных у г. Віцебск. У кожным  з аб’ектаў выяўлены парушэнні патрабаванняў заканадаўства пры ажыццяўленні рознічнага гандлю. У некаторых магазінах гандлявалі таварамі з прайшоўшым тэрмінам прыгоднасці да 4,5 месяца, у тым ліку ў ТДА “Ярлінг Плюс” знайшлі каўбаскі сырыя замарожаныя (няўжо замарозілі і забыліся?). У асобных гандлёвых кропках больш ахвотна, чым прадукцыю беларускіх кандытарскіх фабрык, завозілі для продажу імпартныя цукеркі, а таксама  дастаткова  бедным быў асартымент тавараў.
Па выніках  кантрольных  мерапрыемстваў да адміністрацыйнай адказнасці  прыцягнуты 2 суб’екты гаспадарання і 4 фізічныя асобы.
Не за грошы, а па бартэры
ААТ “ Ушацкі райаграсэрвіс”  парушыў парадак закупкі металаканструкцый, не правёў  здзелку праз Беларускую ўніверсальную таварную біржу, як гэтага патрабуе рашэнне Віцебскага аблвыканкама. Праверка паказала, што таварыства набыло металаканструкцыі (трубы металічныя для помпава-кампрэсарных) на агульную суму 719,6 мільёна рублёў для ўласных патрэб (правядзенне капітальнага рамонту комплексу буйной рагатай жывёлы)  без біржавых таргоў. Як патлумачыў сітуацыю дырэктар ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”, закупкі ў абход таварнай біржы праводзіліся таму, што не было грошай для аплаты па кантрактах, заключаных на біржы, і кіраўнік быў вымушаны  шукаць пастаўшчыка, які згадзіўся б на аперацыю па розных формах разлікаў, толькі не грашовай. Аднак такое апраўданне  не вызваляе кіраўніка ад адміністрацыйнай адказнасці (караецца штрафам у памеры ад 30 да 50 базавых велічынь, а на юрыдычную асобу – ад 100% да 300%  ад кошту металапрадукцыі, чорных і каляровых металаў, вырабаў, а таксама лома і адыходаў).  Менавіта такое пакаранне чакае дырэктара таварыства і само ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”.
Не сянаж, а гнілаж
Кіраўнікі сельгасарганізацый добра ведаюць, якую ролю адыгрывае ў прадукцыйнасці статкаў якасны параметр нарыхтаваных на зімоўку кармоў. Аднак зараз, калі ідзе зялёнае жніво, той-сёй з гаспадарнікаў Сенненскага раёна пад “цяжарам” розных акалічнасцей “спаўзаюць” да будзённых памылак. Напрыклад, у ПУП “Дружбінец” ва ўрочышчы Расходныя дапускалі павышаную вільготнасць здробненай масы, не абгароджвалі траншэю, не падсцілалі на дно яе салому або іншы матэрыял, каб пазбегнуць забруджання корму. У некаторых гаспадарках на сенажаці выйшла не ўся корманарыхтоўчая тэхніка (няспраўныя былі касілкі, граблі, камбайны). На тэрыторыі мехмайстэрні ў адной з сельгасарганізацый  захоўвалася каля 35 тон сульфата амонію пад дзіравым дахам.
Інфармацыя аб выніках праведзеных кантрольных мерапрыемстваў накіравана ў Сенненскі райвыканкам для прыняцця аператыўных мер рэагавання, а таксама была агучана на адной з апошніх селектарных нарад, якія праводзіць аблвыканкам.
Падрыхтаваў Мікалай БАРЫСАЎ.
Надрукавана ў №53 ад 09.07.2013.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *