28 июля военные моряки Шумилинского района проведут традиционную встречу

Общество

У імя воінскай доблесці і славы
Слава пра нашых  ваенных маракоў розных часоў ніколі не  змеркне. Мы помнім імёны сваіх суайчыннікаў, афіцэраў-маракоў, якія  сваёй воінскай доблесцю здабылі сабе неўміручую славу. Гэта перш за ўсё капітан-лейтэнант  А. І. Казарскі (родам з Дуброўна) – камандзір брыга “Меркурый”, які ў ходзе руска-турэцкай вайны  1828-1829 гг., дзякуючы   вынаходлівасці, патапіў два варожыя лінейныя караблі. У Севастопалі нашаму славутаму земляку стаіць помнік, на ім надпіс: “Казарскаму. Нашчадкам у прыклад”.
У Віцебску нарадзіўся капітан 1 рангу С. Н. Багарат, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны на баявым караблі знішчыў не адзін нямецкі карабель, за што і быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Мы помнім і Героя Савецкага Саюза віцэ-адмірала Я. І. Тамко, якому ў Міёрах адкрыта памятная дошка. Мы ніколі не забудзем нашага земляка, капітана 3 рангу А. М. Іспянкова,  ураджэнца вёскі Язвіна, які загінуў у Нарвежскім моры пры выкананні баявога задання на атамнай падводнай лодцы  “Камсамолец” ў 1989 годзе. Стала добрай традыцыяй у Дзень Ваенна-Марскога Флоту ў канцы ліпеня збірацца на мітынг на грамадзянскіх могілках у вёсцы Язвіна.
У 1997 годзе   быў створаны  Беларускі саюз ваенных маракоў, адпаведна нарадзілася  і раённая арганізацыя, якая  вядзе работу па   выхаванні  ў   моладзі пачуцця гордасці за доблесных сыноў нашай Айчыны.
Раённая арганізацыя многае зрабіла для папулярызацыі сваёй суполкі. На беразе Шумілінскага возера ў 2008 годзе быў устаноўлены памятны знак ваенным маракам, праз год  ён быў дапоўнены якарам. Тут зладжаны прычал,   сюды збіраюцца ўсе, для каго мора –  па-ранейшаму родная стыхія.
Сёння на ўліку ў раённай арганізацыі 45 чалавек. Яе рады з году ў год растуць, і гэта яскравае сведчанне таго, што дзейнасць былых ваенных маракоў  набывае ўсё большы размах.
А. БЫЧКОЎ, старшыня раённай арганізацыі былых ваенных маракоў, капітан 2 рангу.
Паважаныя маракі!
Шумілінскі раённы савет БСВМ  віншуе ўсіх маракоў раёна з Днём Ваенна-Марскога Флоту! Жадаем зда-роўя, аптымізму і добрай памяці аб сваёй службе на карысць Айчыны.           Збор 28 ліпеня ў 10.00, МСО.

Надрукавана ў №58 ад 26.07.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *