Криминал. Происшествия

Происшествия

Панажоўшчына
Жыхар Язвіна нецвярозым вярнуўся дадому, дзе яго сустрэла п’яная жонка. Паміж імі ўзнікла сварка, падчас якой жанчына схапіла нож і нанесла мужу нажавы ўдар. Мужчына ў рэанімацыі памёр. Супраць жанчыны ўзбуджана крымінальная справа, яна можа пазбавіцца волі да 15 год.
*  *  *
А вось сямейная пара з Шуміліна піла разам у адной кампаніі. Але і тут усё закончылася скандалам. Жонка прыраўнавала мужа да адной з сабутэльніц, схапілася за нож і нанесла мужчыну нажавы ўдар.  Медыкам ўдалося выратаваць яго. Раўнівіца можа атрымаць да 8 год пазбаўлення волі.
Сон
Жыхар Шуміліна, будучы нецвярозым, па вуліцы Вакзальнай каціў веласіпед, на якім была прымацавана лодка. Толькі дадому мужчына не дайшоў, бо заснуў пад дрэвам непадалёк ад КБА. Гэтым скарыстаўся мясцовы жыхар, які скраў лодку і прадаў яе за пару бутэлек спіртнога.
Бензапіла
Жыхар Дабеі, вярнуўшыся з работы, заўважыў, што прапала бензапіла “Штыль”. Пацярпелы звярнуўся ў міліцыю. Аператыўна-следчая група па гарачых слядах знайшла злодзея, ім аказаўся мясцовы жыхар, які шляхам падбору ключоў трапіў у дом, адтуль украў бензапілу. Узбуджана крымінальная справа, з мужчыны ўзята падпіска аб нявыездзе.
Навігатар
У следчыя органы звярнулася жыхарка Язвіна, у якой  укралі ноўтбук і навігатар. У злачынстве падазраецца неаднаразова судзімы мужчына цыганскай знешнасці. Па папярэдняй інфармацыі следства, злодзей зараз знаходзіцца ў Расіі.
Даверлівасць
Гаспадары аднаго з прыватных дамоў райцэнтра пайшлі працаваць на агарод, пры гэтым дзверы на замок не закрылі. Гэтым і скарыстаўся злодзей. У выніку зніклі залаты ланцужок, залатыя завушніцы, адзін мільён рублёў і 200 еўра. Вядзецца следства.
Аліменты
Узбуджана крымінальная справа ў адносінах да 37-гадовага жыхара Шуміліна, які на працягу  больш чым дзевяці месяцаў не плаціў аліменты на ўтрыманне сваёй  14-гадовай дачкі. Згодна з заканадаўствам, за падобныя злачынствы можна атрымаць да аднаго года пазбаўлення волі.
Царкоўная скрыня
У канцы чэрвеня з кафэ «Віраж», што ў Язвіне, знікла царкоўная скрыня для ахвяраванняў. Супрацоўнікі РАУС хутка выявілі злачынцу. Ім аказаўся жыхар г. п. Обаль, які раней быў неаднаразова судзімы, зараз нідзе не працуе.
Мужчына быў затрыманы, у здзяйсненні крадзяжу прызнаўся.
Статыстыка
У ліпені раённым аддзелам Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь  закончана 12 крымінальных спраў, узбуджаны 24 крымінальныя справы. Усяго пад следствам праходзіць 18 чалавек, з іх 7 знаходзяцца пад вартай.
Па матэрыялах раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь  і РАУС падрыхтаваў Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №61 ад 06.08.2013 г.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *