Госкомитет судебных экспертиз приступил к работе.

Афiцыйна Закон

З 1 ліпеня пачаў сваю дзейнасць Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22.04.2013 года № 202 створаны і з 1 ліпеня пачаў сваю дзейнасць Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь.
Пра мэты, задачы і магчымасці новай структуры гутарым з начальнікам Шумілінскага міжраённага аддзела Дзяржкамітэта судовых экспертыз маёрам юстыцыі Р. А. Марцінкевічам.
– Патлумачце, Руслан Анатольевіч, чым выклікана неабходнасць стварэння Дзяржкамітэта судовых экспертыз?
– У Рэспубліцы Беларусь рэалізуецца Канцэпцыя судовай рэформы, накіраваная на тое, каб зрабіць работу праваахоўнай сістэмы больш эфектыўнай, зразумелай людзям. Стварэнне новай службы дазволіла ўбраць паралелізм у рабоце, скараціць штатную колькасць, да таго ж гэта дапаможа скараціць як тэрміны правя-дзення экспертыз, так і чаргу на іх. Сёння, на жаль, па некаторых відах экспертыз трэба чакаць некалькі месяцаў, а ў гэты час рашэнне па сутнасці не прымаецца, па крымінальнай справе абвінавачваемы можа ўтрым-лівацца пад вартай.
– Па якому прынцыпу фарміраваўся Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз?
– У склад камітэта ўвайшлі экспертна-крыміналістычная служба органаў унутраных спраў, Служба судова-медыцынскіх экспертыз, навукова-даследчыя інстытуты Міністэрства юстыцыі і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. У буйных населеных пунктах створаны міжраённыя аддзелы, якія аб’ядноўваюць спецыялістаў рознага профілю. У склад Шумілінскага міжраённага аддзела ўваходзіць экспертна-крыміналістычны сектар па Гарадоцкаму раёну і сектар судова-медыцынскіх экспертыз.
– Раскажыце, калі ласка, што змянілася з 1 ліпеня па арганізацыі правядзення экспертыз, у прыватнасці, у нашым раёне, якія даследаванні вы можаце праводзіць?
– Мы выконваем дактыласкапічныя, трасалагічныя, балістычныя, почыркаведчыя экспертызы, даследаванні дакументаў, халоднай і кідальнай зброі, партрэтную ідэнтыфікацыю, судова-медыцынскія экспертызы. Спецыялісты экспертна-крыміналістычнага аддзела і яго сектараў аказваюць дапамогу іншым праваахоўным органам па пошуку, выяўленню, фіксацыі і ўзяццю слядоў з месцаў здарэнняў, прымяненню навукова-тэхнічных сродкаў, нясуць службу ў складзе следча-аператыўных груп, выконваюць задачы крыміналістычнай ідэнтыфікацыі падазроных асоб.
– Хто можа звярнуцца за правядзеннем даследаванняў?
– Найперш гэта Следчы камітэт і органы ўнутраных спраў. Праводзім таксама экспертызы па пастановах іншых праваахоўных органаў і суда. З 1 ліпеня дадзена права звяртацца за правядзеннем даследаванняў фізічным, юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам. Гэта паслуга платная, па дагавору праводзяцца даследаванні, якія могуць дапамагчы ўстанавіць юрыдычна значныя для ініцыятара факты. Напрыклад, кім напісана пісьмо, ці падвяргаўся змяненню ідэнтыфікацыйны нумар кузава аўтамабіля і іншыя.
– Хто можа працаваць у камітэце судовых экспертыз, якія вы прад’яўляеце патрабаванні да кандыдатаў на службу?
– Наша арганізацыя з’яўляецца механізаванай, і асноўныя патрабаванні супадаюць з патрабаваннямі аналагіч-ных ведамстваў. Хаця ёсць катэгорыі спецыялістаў, дзе могуць працаваць выпускнікі грамадзянскіх вышэйшых навучальных устаноў, напрыклад, судова-медыцынскія эксперты. Наогул жа, для паступлення да нас на службу трэба мець вышэйшую юрыдычную адукацыю ці адукацыю ў вобласці хіміі, фармацэўтыі, радыёэлектронікі, інфарматыкі, арганізацыі транспартнага руху ці канструявання аўта-трактарнай тэхнікі. Па пытаннях прыёму можна звярнуцца непасрэдна да мяне (ў будынку Шумілінскага РАУС, Вакзальная,3) або да старшага эксперта (у будынку Гарадоцкага РАУС, г. Гарадок, вул. Чырвонаармейская, 25) або ў кадравы апарат упраўлення па адрасе: г. Віцебск, вул. Гагарына, 12, тэлефон (8-0212) 548944.
Гутарку падрыхтавала Ніна МАРТЫНАВА.
Надрукавана ў №67 ад 27.08.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *