Бешенство: будьте осторожны и бдительны

Здоровье

САБАКА БЫВАЕ КУСАЧЫМ…
Крыніцамі віруса шаленства з’яўляюцца сабакі, кошкі, лісы, ваўкі, яноты, кажаны. Чалавек – выпадковае звяно ў працэсе распаўсюджвання віруса.
Ці ёсць выпадкі перадачы захворвання ад чалавека да чалавека?
У сліне хворага чалавека вірус прысутнічае. Значыць, калі вы знаходзіцеся ў зносінах з хворым чалавекам, як і з жывёлай, лепш захоўваць неабходныя меры засцярогі. Амаль ва ўсіх выпадках захворванне шаленствам – вынік укусу або пападання на слізістыя абалонкі сліны, у якой утрымліваецца вірус. Прычым вірус у сліне сабак пасля заражэння знаходзіцца ў сярэднім 5 дзён, у кошак – 3 дні.
Якія ўкусы лічацца самымі небяспечнымі?
Цяжкімі лічацца ўкусы шматлікія і глыбокія, а таксама любыя пашкоджанні галавы, твару, шыі, рук. Вірус пранікае праз драпіны, пацёртасці, праз адкрытыя раны і слізістыя абалонкі рота, вачэй. Пры ўкусе ў твар і галаву рызыка захварэць шаленствам складае 90%, пры ўкусах у рукі – 63%, у кісці рук, ног – 23%. Усю жывёлу, якая паводзіць сябе неўласціва або страчвае асцярожнасць, беспрычынна нападае, трэба ўспрымаць як хворую.
Як звычайна праяўляецца шаленства ў чалавека?
Інкубацыйны перыяд шаленства вагаецца ад кароткага (9 дзён) да працяглага (99 дзён), але ў сярэднім складае 30-40 дзён. Гэты перыяд можа скарачацца, калі месца ўкусу было на галаве, і падаўжаецца пры ўкусах у канечнасці. Увесь гэты час чалавек адчувае сябе здавальняюча. Толькі з’яўляюцца болі ў месцах укусу і сверб. Рубец запаляецца. Гэтыя сімптомы асабліва характэрныя на працягу 1-14 дзён да пачатку праяўлення хваробы.
Якія сімптомы шаленства?
Першыя сімптомы шаленства: слабасць, галаўны боль, агульнае недамаганне, адсутнасць апетыту, нязначнае павышэнне тэмпературы, кашаль, насмарк, болі ў горле, жываце, рвота, панос. Часцей за ўсё памылкова ставяць дыягназ рэспіратарная або кішачная інфекцыя.
Далей настае перыяд разгару хваробы і вострых неўралгічных парушэнняў – з’яўляюцца першыя прыкметы паражэння нервовай сістэмы. Агульная працягласць хваробы ў сярэднім – 3-7 дзён.
Калі рабіць прышчэпку ад шаленства?
Прышчэпкі робяць ва ўсіх траўматалагічных пунктах. Туды павінны звяртацца ўсе ўкушаныя хворыя. Пры нападзенні вядомай сабакі або кошкі за імі трэба ўстанавіць назіранні на працягу 10 дзён. Калі за гэты тэрмін жывёла застаецца жывой, то прышчэпкі не робяць або спыняюць.
Пры цяжкіх пашкоджаннях укушанаму адначасова з вакцынай назначаюць антырабічны імунаглабулін. Эфектыўнасць яго тым вышэй, чым менш часу прайшло пасля ўкусу.
Вельмі важна добра апрацаваць рану, прычым як мага раней пасля ўкусу. Яе трэба прамыць вадой з мылам або абеззаражваючым сродкам. Бакі раны апрацаваць спіртам або 5%-ным настоем ёду. Пакінуць адкрытай да апрацоўкі імунаглабулінам.
Шаленства не вылечваецца, не пакідае ніводнага шансу чалавеку на жыццё, асабліва калі яго сімптомы ўжо развіліся. Таму лепш папярэдзіць захворванне. Пазбягайце кантакту з жывёламі, у якіх змяніліся паводзіны або яны не адэкватныя. Прышчэпка ад шаленства для чалавека, укушанага любой жывёлай, – адзіны спосаб выратавання свайго жыцця!
В. ТАЛАЙКА, райтэрапеўт ЦРБ,
С. КОНЫШАЎ, галоўны ўрач Шумілінскага РЦГЭ.
Надрукавана ў №75 ад 24.09.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *