Выездное заседание КДН прошло в Шумилинской СШ №1

Общество

Іх матулі плакалі, і ўсім было не па сабе
На мінулым тыдні ў актавай зале  СШ № 1 сабраліся старшакласнікі. “На выязное пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх запрасілі перш за ўсё тых падлеткаў, чые паводзіны жадаюць быць лепшымі, хто адносіцца да так званай сацыяльна небяспечнай катэгорыі, – кажа намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Л. А. Грузневіч. – Месцам правядзення абралі СШ №1 таму, што трое вучняў гэтай школы здзейснілі дробны крадзеж. І калі разглядаецца справа аднакласніка, знаёмага, для астатніх вучняў гэта своеасаблівы ўрок таго, чаго не трэба рабіць”.
Стаяць перад камісіяй, глядзець у вочы бацькам, аднакласнікам, адказваць за свае ўчынкі аказалася не так і лёгка. А адказваць было за што. Трое хлопцаў 15-гадовага ўзросту (адзін з іх вучыцца ў ліцэі пасля заканчэння 9-ці класаў) і адзін 12-гадовы зразалі з прыватных вялікагрузных машын, а таксама з аўтамабіляў ДРБУ-204 і УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” медныя правады і здавалі як каштоўны метал. Але хлопцаў хутка злавілі за руку.
Вядома, падлеткі ведалі, што красці нельга. Думалі, што “пранясе”. Але не пранясло, ды і сораму цяпер не абярэшся. На 15-гадовых хлопцаў складзены адміністрацыйныя пратаколы, такі ж пратакол – на маці 12-гадовага падлетка. На першы раз камісія вынесла папярэджанне. Тым не менш, хлопцам (дакладней кажучы, іх бацькам) давядзецца кампенсаваць немалую суму ўрону. Усе чацвёра падлеткаў пастаўлены на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх, а іх сем’і  аднесены да катэгорыі тых, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
–  Цяжка перадаць ўражанні ад гэтага пасяджэння, – прызнаўся пасля пасяджэння адзін са старшакласнікаў, які прысутнічаў як назіральнік. – Было няёмка, не па сабе, калі ўбачыў аднакласніка, які стаяў перад камісіяй. Зусім як на судзе. Іх матулі плакалі. Ім было сорамна за сваіх сыноў. Ды і самі хлопцы, па ўсяму відаць, сто разоў пашкадавалі пра свае ўчынкі.
Ларыса КІСЯЛЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *