Криминал. Происшествия

Происшествия

Тэлевізар
Жыхарка Віцебска паведаміла ў РАУС, што яе дачны дом у Тропіне абрабавалі. Невядомыя злодзеі выставілі аконную раму і ўкралі тэлевізар “Віцязь”, сокавыціскалку “Журавінка”. Урон, нанесены гаспадыні, складае больш за мільён рублёў. Узбуджана крымінальная справа.
Махінацыі
У раённы аддзел унутраных спраў звярнуліся работнікі УП ЖКГ, якія расказалі, што некалькі тыдняў назад заключылі дагавор з прыватным прадпрыемствам “Матэкс Плюс” г. Барысава на пастаўку дызельна-генератарнай устаноўкі і ўнеслі за яе папярэднюю аплату. Але прыватнае прадпрыемства не даставіла дызельна-генератарную ўстаноўку ў дамоўлены тэрмін, і грошы таксама не вярнула.
Узбуджана крымінальная справа, якая перададзена ў Шумілінскі аддзел Следчага камітэта. Як высветлілася, падобнымі махінацыямі работнікі “Матэкс Плюс” займаліся не толькі ў нашым раёне.
Пашпарт
Жыхарка г. Полацк, якая ехала на асабістым аўтамабілі, падабрала спадарожніцу. Давезла яе да Шуміліна, а сама паехала на аўтазапраўку. Там і спахапілася –  няма ні партаманета з грашыма, ні пашпарта. Вядома, падумала, што спадарожніца, якая сядзела на заднім сядзенні, выняла з сумачкі.
Пра свае падазрэнні расказала ў міліцыі. Але праз некалькі дзён ёй патэлефанавалі з Віцебска невядомыя людзі і расказалі, што знайшлі ля “Еўраопта” яе пашпарт. Праўда, грошай у кашальку ўжо не было.
Падазрэнні з шумілінскай спадарожніцы былі зняты.
Нецвярозыя
Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі прыпынілі на вуліцы Юбілейнай у Шуміліне непрацуючага мясцовага жыхара, які ехаў на легкавушцы. Пры гэтым мужчына быў у стане алкагольнага ап’янення, не меў пры сабе правоў і дакументаў на тэхнічны агляд машыны. Складзены тры адміністрацыйныя пратаколы. Мужчыну пагражае штраф да 122 базавых велічынь і пазбаўленне права кіраваць транспартнымі сродкамі на тры гады.
Такое ж пакаранне пагражае жыхару а.-г. Слабада, які ў стане алкагольнага ап’янення ехаў на незарэгістраваным мапедзе.
Не ўступіў
Жыхар Язвіна на асабістым аўтамабілі ВАЗ-2108 на перакрыжаванні вуліц Сіпко-Суворава парушыў Правілы дарожнага руху – не ўступіў дарогу ВАЗ-2107, які рухаўся па галоўнай. На вачах супрацоўнікаў дзяржаўтаінспекцыі была створана аварыйная сітуацыя. Машыны не сутыкнуліся. Тым не менш  на жыхара Язвіна складзены адміністрацыйны пратакол, яму пагражае пазбаўленне вадзіцельскіх правоў да двух гадоў.
Наезд
Жыхарка райцэнтра ехала на асабістым аўтамабілі “Нісан” па вуліцы Маладзёжнай у Шуміліне. Пры развароце, рухаючыся заднім ходам, наехала на легкавы аўтамабіль, які стаяў на абочыне. З месца ДТЗ жанчына ўцякла. Ёй пагражае штраф да 30 базавых велічынь або пазбаўленне вадзіцельскіх правоў да двух гадоў.
Хуткасць
Жыхар Шуміліна паўторна на працягу года перавысіў устаноўленую хуткасць руху на 22 кіламетры ў гадзіну. Складзены адміністрацыйны пратакол. Мужчына пазбаўлены правоў кіравання на тры месяцы.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *