7 декабря в Шумилино пройдёт концерт Александра Солодухи. Интервью с певцом.

Культура

Пра сям’ю, сяброў і «Еўрабачанне»
26 год на сцэне, 9 дыскаў, 14 відэакліпаў, 3 дакументальныя фільмы пра жыццё і творчасць, 3 гастрольныя туры па Беларусі… Лёгка пазнавальны почырк артыста-спевака… І хто з нас ні разу не чуў ці не напяваў яго мега-шлягер “Здравствуй, чужая-милая”? Так, сапраўды, гэта ўсё пра Аляксандра Саладуху. 7 снежня, у суботу, у шумілінцаў будзе магчымасць сустрэцца з ім на канцэрце ў гарадскім Доме культуры. Напярэдадні спявак згадзіўся даць для чытачоў газеты невялікае інтэрв’ю.
– Аляксандр, чым парадуеце шумілінцаў 7 снежня?
– Яркім шоў, двухгадзінным, без перапынку. Канцэртная праграма “Берагі” складаецца з двух аддзяленняў. Першае – гэта 10 кампазіцый з новага аднайменнага альбома, які выйшаў 11.11.2011 у Маскве. Дзевяць песень напісаў для мяне вядомы беларускі аўтар і кампазітар Алег Елісеенкаў. Дзясятую песню падарыў мой сябар Стас Міхайлаў. Другое аддзяленне складуць усім вядомыя мае залатыя хіты. У паўзе, пакуль я буду пераапранацца,  на сцэну выйдуць мае сыны, якія зараз складаюць гурт “Элемент”.
– Дарэчы, вы адзін з нямногіх артыстаў на нашай сцэне – мнагадзетны бацька. Што лягчэй: быць бацькам ці спеваком?
– У нас з маёй жонкай Наталляй на дваіх чацвёра дзяцей: двое маіх  сыноў, жончына дачка і наша агульная маленькая трохгадовая Варварачка. Ведаеце, мне здаецца, што я добра спраўляюся з роляй бацькі. Праўда, прызнаюся, што я патрабавальны бацька. А складана ўсюды, калі аддаешся, калі робіш справу па-сапраўднаму.
– Тады раскажыце крыху пра вашых сыноў…
– Мае сыны – двайняты Аляксандр і Антон, дарослыя хлопцы. У лістападзе ім споўнілася 26 (равеснікі майго творчага стажу на сцэне). Абодва закончылі вышэйшыя ўстановы, праўда, розныя. Зараз развіваюць свой бізнес. Радуе, што праяўляюць інтарэс да музыкі.
– Аляксандр, у студзені, наколькі я ведаю, вы адзначыце ўласны юбілей. Як плануеце святкаваць?
– Прыгожы юбілей: дзве пяцёркі. Адзначыць хочацца грандыёзна, запамінальна. Але, калі шчыра прызнацца, галоўная і важная для мяне падзея адбудзецца 8 сакавіка, і я да яе вельмі сур’ёзна рыхтуюся – гэта будзе прэзентацыя майго новага альбома пад прыгожай назвай “Вернае сэрца” на самай галоўнай пляцоўцы краіны – у “Мінск-арэне”.
– У Аляксандра Саладухі многа сяброў?
– Знаёмых многа, а вось сябар сапраўдны адзін – Алег Елісеенкаў, з якім сябрую шмат год. Ён у дадатак да ўсяго і хросны бацька маёй маленькай дачушкі. А гэта пра многае гаворыць…
– А ці хапае часу на хобі?
– Ведаеце, сцэне і сям’і я прысвячаю ўвесь свой час, сутак не хапае. Гэта, калі хочаце, і хобі, і сэнс жыцця.
– Аляксандр, бачылі вас на беларускім канале, дзе вы ў відэароліку заклікаеце падаваць заяўку на ўдзел у “Еўрабачанні”. Пры-знайцеся: самі часам не плануеце ўзяць яшчэ адну вяршыню?
– Пра гэта ўжо “Камсамолка” напісала. Я ж скажу так: пажывём-пабачым…
– Што б вы хацелі пажадаць чытачам газеты?
– Безумоўна, шчасця і здароўя. Паболей усміхацца. Думаць толькі пра харошае.
На заканчэнне гутаркі Аляксандр Саладуха яшчэ раз запрасіў усіх на свой канцэрт, дадаў, што пасля мерапрыемства можна будзе набыць яго альбомы, дыскі, сфатаграфавацца на памяць, атрымаць аўтограф.
Гутарыла Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *