Афродита

Общество

Афрадыта
Яна сядзела разгубленая, у вачах – сполах і адчай.  Да гэтага у яе была доўгая і, па ўсім відаць, нялёгкая размова з мужчынам. Чужым.  Чужым для тых, хто бачыў іх побач, і, хацелася верыць – для яе самой.
Не, для яе ён застаўся тым, да каго гарнулася. Хаця ўсё ж не да канца веру, наогул не веру, каб чалавека, якога жонка трымае пад абцасам, лысага ў свае сорак мог любіць нехта, акрамя жонкі. А маладая, чужая яму замужняя жанчына вось захапілася з ім любоўнай гульнёй, яна смяялася, гаворачы з ім па мабільным тэлефоне, смяялася, выходзячы на вуліцу, каб ніхто не пачуў, каб ніхто не бачыў яе шчаслівага твару. Не бачыў, як гараць яе вочы. Яна была зараз шчаслівая.
Тут не любоўны трохвугольнік, тут усе чатыры вуглы, бо і ў таго, што з лысінай, сям’я. Хаця, калі шчыра, нічога адметнага і цікавага ў гісторыі не бачу (ці мала такога ў жыцці?), калі б не адна акалічнасць, якая адразу прыўнесла інтрыгу. Знайшоўся ў гісторыі пяты чалавек: гэтую маладую жанчыну пакахаў паэт. Самадзейны, нічога шэкспіраўскага ці ад Блока ў яго не было. Аднак паэт прысвяціў Ёй верш, які яна моўчкі і неяк загадкава прыняла. Затым быў другі верш, трэці, а пасля   паэт убачыў на вуліцы, калі яна гаварыла па тэлефоне, яе шчаслівы твар   і здагадаўся, што ў яе іншы абраннік сэрца – і да паэта падступілі  спазмы рэўнасці. Ён не быў жанаты, ён спаў адзін на шырокім ложку, і каторую ноч запар яна будзіла яго па начах (вядома, у сне). Для яго яна заставалася багіняй, хаця ў думках ён пераконваў яе, што яна памылкова выбрала другога, што некалі  “разуе” вочы і зразумее, што кахаць трэба за нешта, а не проста за лысіну праз усю галаву. Напэўна, прыйдзе той дзень, калі ёй захочацца не толькі рамантыкі любоўных шэптаў, а звычайнага, чалавечага, захочацца, каб мужчына заставаўся мужчынам, а не быў анучай. Бо ідылія – тая ж перасалоджаная кава, бо ідылія бывае ў кніжках і ў фантазіях летуценнікаў.
Паэт у вершах параўнаў сваю абранніцу з Афрадытай. “Мяне Афрадытай ніхто яшчэ не называў, – прызналася яна яму. – Німфай называлі, феяй, русалкай, а тут – Афрадыта. Прыемна, што ні кажы, бо Афрадыта – багіня прыгажосці.” Яна гаварыла радасна, а сама не ўзнімала сваіх пухнатых веек: напэўна, так і не звыклася з думкай, што ёй прысвячаюць вершы. Упершыню. І калі для яе яшчэ выпадзе такое шчасце?..
Невядома, як для іншых, а для яго яна – пісаная прыгажуня.  Ён не можа ёй налюбавацца. Кране выпадкова (а можа, і знарок, стаіўшы дыханне) рукой яе руку і папросіць прабачэння, быццам прычыніў ёй боль. Яна ў адказ – як каменная баба, як мумія. Ён ужо зняверыўся. Яшчэ ўчора прасіліся на паперу свежыя радкі, а сёння, пасля халоднага яе позірку, раптам расхацелася пісаць ёй прысвячэнні. Вылецелі ўчарашнія словы, быццам іх вецер выдзьмуў з галавы і панёс далёка-далёка. Ён да гэтага і не пацалаваў яе ні разу. Каб у вусны, каб ад пацалунку хмель ударыла ў галаву. Пацалунка не ў шчаку, не так, як  падстаўляла яе чужому дзядзьку, што ўручаў ёй грамату на сцэне Дома культуры.
А з гэтым зарана лысым  яна, відаць, і цалуецца, і мілуецца. Падумаў так, разважыў і ажно застагнаў. “Не,  яна зломіць гэтага рана лысеючага (ад чужых падушак?) залётніка, як “зламала” некалі яго жонка, узяўшы  пад свой абцас, – зламысна падумаў паэт. – Можа, калі б мне яна аддала перавагу, я таксама аказаўся б пад яе “абцасам”. Не, няпраўда: у мяне хапіла б сілы волі ці чаго там, каб заставацца мужчынам. Хаця… не ведаю, не зусім  перакананы… М-да, няўжо мужчыны так лёгка ломяцца? Няўжо бязлітасна перакоўвае іх такі магутны і такі гарачы молат, як каханне?..”
Хутчэй за ўсё.
Мікалай ЯНЧЫН.
Надрукавана ў №96 ад 10.12.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *