21 ноября – День работников сельского хозяйства и перерабатывающей промышленности агропромышленного комплекса

Актуалии Сельское хозяйство

Паважаныя работнікі і ветэраны аграпрамысловага комплексу Шуміліншчыны!
Прыміце самыя шчырыя і сардэчныя віншаванні з вашым прафесійным святам!
Няпростым быў сёлетні год. Але ва ўмовах выпрабаванняў надвор’ем, ва ўмовах анамальнай спякоты вы вытрымалі экзамен на прафесіяналізм. Вамі сабраны ўраджай, нарыхтаваны кармы, забяспечана харчовая бяспека.
Сёння на дапамогу работнікам аграпрамысловага комплексу прыйшла магутная сучасная тэхніка. Ідзе будаўніцтва і рэканструкцыя жывёлагадоўчых аб’ектаў, зернесушыльных комплексаў, машынных двароў. Узводзяцца аграгарадкі, мяняецца воблік нашых вёсак, будуецца жыллё, аднаўляюцца школы, бальніцы, іншыя сацыяльныя і культурныя ўстановы.
Усё гэта стала магчымым дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, дзякуючы планамернаму ўкараненню ў жыццё Праграмы адраджэння і развіцця сяла.
У гэтыя святочныя дні асаблівыя словы падзякі выказваем ветэранам аграмасловага комплексу. Мы высока цэнім ваш вопыт, майстэрства, вашу адданасць любімай справе.
Словы ўдзячнасці хочацца выказаць перадавікам сельскагаспадарчай вытворчасці, пераможцам раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў.
Жадаем усім працаўнікам аграрнай галіны моцнага здароўя, аптымізму, невычэрпнага запасу бадзёрасці і энергіі, сямейнага дабрабыту і шчасця на доўгія гады.
Раённы выканаўчы камітэт.                  Раённы Савет дэпутатаў.

«Лепшы прафсаюз – у “Райаграсервісе»
А вы ведаеце, якая прафсаюзная арганізацыя сярод сельгаспрадпрыемстваў лепшая ў раёне?
“Прафсаюзная арганізацыя райаграсервісу, – упэўнена адказвае старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК І. К. Штуро. – Пярвічная арганізацыя заняла першае месца не толькі ў раёне, але і ў вобласці”. А ў падарунакатрымалі каляровы прынтар, фотаапарат  і грашовую прэмію.
“Прафсаюз разам са сваімі работнікам і на полі, і на ферме. Стараемся не забываць ніводную дату – агульную і асабістую, – расказвае старшыня прафсаюзнай арганізацыі Валянціна Ананьеўна Клюева, якая на гэтай пасадзе пяты год. – Віншуем нашых работнікаў з юбілеямі, нараджэннямі дзяцей. На Новы год са Снягуркай і Дзедам Марозам аб’язджаем усе фермы. Кожны член прафсаюзнай арганізацыі (а іх больш за чатырыста чалавек) атрымлівае да навагодняга свята падарунак. Вось мы і сабралі матэрыялы, аформілі буклеты і падалі іх на абласны конкурс”.
Галоўная задача прафсаюза – клопат пра чалавека, пра яго здароўе. Многія работнікі райаграсервісу наведваюць платную спартзалу, за кошт прафсаюза ім зрабілі 50%-ую скідку. У адной звязцы працуе прафсаюз і з сельскімі клубамі. Разам сёлета праводзілі святы вёсак Лескавічы і Залужжа.

Гонар гаспадаркі і раёна
Добры падарунак і гаспадарцы, і раёну зрабілі да свята даяркі жывёлагадоўчага комплексу СВК “Баравінка” – звяно ў складзе Алены Васільеўны Быкавай, Алены Аляксандраўны Кухарэнкі, Алены Аляксандраўны Максімавай, Алены Генадзьеўны Таліванавай па выніках абласнога спаборніцтва за кастрычнік занялі першае месца ў вобласці. Малайцы, Алены!
Напярэдадні  прафесійнага свята работнікаў сельскай гаспадаркі павіншаваць пераможцаў абласнога конкурсу завітаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК І. К. Штуро. Іван Казіміравіч уручыў даяркам дыплом і грашовыя прэміі.
– Вельмі рада поспехам нашых даярак, – задаволена галоўны заатэхнік гаспадаркі А. П. Пяшко, якая мае непасрэднае дачыненне да добрага выніку. –  Надаілі 156,2 тоны малака за месяц. Сутачны надой на карову – 14,2 літра.
Праўда, на  фотаздымку чытачы не знойдуць Алены Максімавай, у яе вельмі важкая прычына адсутнічаць на рабоце – яна збіраецца стаць мамай. Алену падмяняе Анна Баўкун. Ну, а ў Алены Таліванавай падчас нашага прыезду на ферму быў  выхадны. Але, думаем, у яе яшчэ неаднойчы будзе нагода трапіць на старонкі раённай газеты.

«Самае каштоўнае багацце – працавітыя людзі»
Па выніках сёлетняга сельскагаспадарчага года Аляксандр Анатольевіча Шалюта, старшыня СВК “Баравінка”, прызнаны лепшым кіраўніком раёна.
Гэты поспех кіраўнік лічыць поспехам усяго калектыву. “Самае галоўнае – працавітыя людзі, – гаворыць Аляксандр Анатольевіч. – Гэта дзякуючы ім гаспадарка сёлета заняла першае месца па вытворчасці і продажы малака. За студзень-кастрычнік бягучага года надаілі 32744 цэнтнеры малака, прадалі дзяржаве 27109 цэнтнераў”.
У старшыні ёсць на-дзейная каманда.  Гэта галоўны заатэхнік А. П. Пяшко, галоўны аграном В. А. Туркоў, галоўны ветурач М. Я. Баранаў, галоўны інжынер Л. Ф. Клімушэўскі, галоўны эканаміст Н. І. Буланчыкава, галоўны бухгалтар А. К. Камароўская. Разам яны вялікая сіла, умеюць разумна арганізаваць работу, прыняць патрэбнае рашэнне.  Таму восенню ім не сорамна трымаць справаздачу перад раёнам, перад калгаснікамі, перад сабой.
Галоўнае – у гаспадарцы бачаць перспектыву, умеюць рабіць рэальныя крокі насустрач ёй. Вось ужо і новы жывёлагадоўчы комплекс дае аддачу: надоі ў параўнанні са звычайнай фермай выраслі ўдвая. На вышыні і якасць: малако ідзе толькі гатункам экстра-класу.
Другое месца ў раёне гаспадарка заняла сёлета па вытворчасці мяса. Безумоўна, без добрай кармавой базы не атрымаеш важкіх надояў і прываг.  На гэты вынік працуе механізатарская “армія”, якая таксама мае поспех – другое месца па раёне па падняццю зябліва і другое месца па нарыхтоўцы кармоў.
Сёлета нарыхтавалі на адну ўмоўную галаву жывёлы 35,4 цэнтнера кармавых адзінак, а ўсяго ў гаспадарцы назапашана 7318 тон кармавых адзінак. Гэтага дастаткова, каб добра перазімаваць.
Ларыса ЗАЙЦАВА
Надрукавана ў №90 ад 19.11.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *