В Комитете госконтроля

У Камітэце дзяржкантролю

Скаргаў амаль не было
8 снежня “прамую лінію” і прыём грамадзян па асабістых пытаннях у нашым раёне правяла  намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці Алена Слыш.
У жыхароў была нагода выказаць прэтэнзіі па рабоце службовых асобаў, расказаць пра факты карупцыі і парушэння службовага заканадаўства. Варта адзначыць, што падобных сігналаў не было. Былі звароты з прэтэнзіямі на недастатковую тэмпературу ў кватэрах. Яшчэ дзве жанчыны звярнуліся да Алены Уладзіміраўны за парадамі юрыдычнага кшталту.
Безумоўнае спачуванне выклікала гісторыя жанчыны, якая ўжо не першы год стараецца вярнуць свае грошы, якія заплаціла нядобрасумленнай фірме (зарэгістраванай, дарэчы, у нашым раёне) за ўстаноўку металічных дзвярэй у кватэры. І грошай няма, і дзвярыма прыходзіцца карыстацца старымі. А ўсё таму, што неабдумана заплаціла наперад. Адназначнае патрабаванне авансу абавязкова павінна насцярожыць заказчыка. Фірмам, якія добра сябе зарэкамендавалі і ўпэўненыя ў якасці сваіх паслуг, не трэба патрабаваць грошы загадзя. На гэта звярнула ўвагу А. У. Слыш.
А. У. Слыш адзначыла спакойную работу ў нашым раёне, заўважыла, што ў іншых рэгіёнах сёння, як ніколі, усплываюць праблемы па набыцці дроў і брыкету, добраўпарадкавання (дакладней, яго адсутнасці), гандлёвага абслугоўвання.
Наталля Чарнічэнка.

А без фікцыі ніяк?
Полацкім міжраённым камітэтам дзяржкантролю праведзены праверкі Верхнядзвінскага і Міёрскага рай-спажыўтаварыстваў, па выніках якіх устаноўлена, што нарыхтоўшчыкамі райспажыўтаварыства неабгрунтавана прадстаўлялася льгота па падаходнаму падатку асобам, якім даведкі на вырашчаную сельгаспрадукцыю не выдаваліся ці даведка не адпавядала сапраўднасці. Мелі месца выпадкі, калі фізічныя асобы, указаныя ў ведамасцях на атрыманне грошай, наогул не здавалі прадукцыю ў райспажыўтаварыства. Напрыклад, Верхнядзвінскае райспажыўтаварыства выплаціла грошы за бульбу асобе каўказскай нацыянальнасці па даведках, выдадзеных фізічнай асобе з Браслаўскага раёна.
Па выніках праверкі Міёрскім райспажыўтаварыствам вернута ў бюджэт падаходнага падатку на суму звыш 12 млн. руб., Верхнядзвінскім – звыш 33 млн. руб.
Праверкамі выяўлены парушэнні парадку вядзення касавых аперацый і разлікаў наяўнымі грашыма. Да ад-міністрацыйнай адказнасці прыцягнуты юрыдычныя асобы на суму 8,9 млн. руб. і фізічныя асобы на суму 700 тыс. руб., да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 6 чалавек, у тым ліку адзін чалавек вызвалены ад займаемай пасады.
Матэрыялы праверак накіраваны ў праваахоўныя органы.
Угнаенне ўнеслі, а пра дакументы забыліся
Праверана СВК “Дземянец-Агра” Ушацкага раёна. Адзначана, што за 2009 год вытворчасць сельгаспрадукцыі павялічылася, была атрымана вышэй сярэдняга раённага ўзроўню ўраджайнасць зерневых, аднак не наладжаны належны ўлік сродкаў дзяржпадтрымкі.
У мінулым годзе прадпрыемства атрымала за кошт бюджэтных сродкаў мінеральныя ўгнаенні на суму 43 млн. руб., а ў бухгалтарскім уліку аперацыі па паступленню і выкарыстанню бюджэтных сродкаў на гэту суму так і не былі адлюстраваны. Акрамя гэтага, праверкай адзначана неэфектыўнае выкарыстанне крэдытных рэсурсаў у суме амаль 80 млн. руб.
Парушаліся патрабаванні парадку выкарыстання, уліку і захоўвання лому чорных і каштоўных металаў, не праводзілася інвентарызацыя, не складаліся акты дэмантажу дэталяў, вузлоў і вырабаў. Зараз разглядаецца пытанне аб прыцягненні да адказнасці вінаватых асоб.
Рыбка са смакам крыміналу
Узбуджана крымінальная справа па прыкметах саставу злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 205 Крымінальнага кодэкса (крадзеж) у адносінах да двух жыхароў г. Браслава. Яны, працуючы рыбакамі рыбагаспадарчага ўчастка “Браслаўскіх азёраў”, у лістападзе пры прамысловай лоўлі рыбы на возеры Дрывяты наўмысна выкралі частку адлоўленай імі рыбы агульнай вагай 65 кг. “Браслаўскім азёрам” нанесены ўрон на суму звыш 500 тыс. руб.
Падрыхтавала Алена Карпушэнка.
Надрукавана ў №97 ад 14.12.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *