У Віцебску «Фэст экскурсаводаў» пройдзе як эстафета міні-вандровак
Віцебск 18 красавіка далучыцца да агульнабеларускай акцыі «Фэст экскурсаводаў».
«У гэтым годзе акцыя пройдзе як эстафета міні-экскурсій. Іх правядуць маладыя аматары гісторыі Віцебска», — паведамілі TUT.BY арганізатары.
Запланаваны дзе экскурсіі.
«Задзвінская гісторыя» – збор 18 красавіка, 11.00, комплекс «Залатое кола горада Віцебска «Дзвіна» (вуліца Чайкоўскага, 3). Суправаджаючы – Раман Воранаў.
Былыя саляныя склады, зараз комплекс «Дзвіна». Фота: Таццяна Мацьвеева
Заддзвінне як асобны раён сфармаваўся ў Віцебску пазней за астатнія, але мае шмат гістарычных цікавостак. Гэта былыя саляныя склады, махоркавая фабрыка, клуб металістаў і г.д. Пра гэта, а таксама шмат іншага, вы зможаце даведацца на экскурсіі.
«Віцебскае барока» – збор 18 красавіка, 17.00, каля ратушы (вуліца Леніна, 36). Суправаджаючы – Уладзімір Булаўскі.
Уваскрасенская царква і ратуша. Фота: Ігар Мацьвееў
У XVIII стагоддзі ў Віцебску склаўся ансамбль барокавай архітэктуры, які, па меркаванні некаторых даследчыкаў, быў найшыкоўнейшым ува ўсім Вялікім Княстве Літоўскім. Пра гісторыю стварэння і знішчэння культавых і грамадскіх будынкаў, якія складалі гэты ансамбль, вы пачуеце падчас экскурсіі.
Удзел у экскурсіях бясплатны. Яны ладзяцца пры ўдзеле навучэнцаў адукацыйнага курса Interhistory.
Падрабязная інфармацыя: +375 (29) 894-05-17.
«Фэст экскурсаводаў» — шэраг бясплатных экскурсій па Беларусі, прымеркаваных да Міжнароднага дня аховы помнікаў і гістарычных мясцінаў, які адзначаецца 18 красавіка.
Галоўная задума фэста — пазнаёміць жыхароў канкрэтных гарадоў, вёсак, раёнаў і нават вуліц з тымі помнікамі, побач з якімі яны жывуць і ходзяць кожны дзень.
Читать полностью: http://news.tut.by/culture/444300.html