В Комитете госконтроля

Вестник Комитета госконтроля

Не стрымаў слова — плаці
Дзяржава ўсяляк фінансава падтрымлівае прадпрыемствы і арганізацыі. Вядома, пры ўмове выканання імі дагаворных абавязацельстваў. Як правіла, ад суб’ектаў гаспадарання патрабуецца накіроўваць сродкі на агавораныя мэты, у пару вяртаць крэдыты і дамагацца патрэбнага фінансава-эканамічнага эфекту.
З такога пункту гледжання праверана КУП “Віцябчанка”. Прадпрыемства было вызвалена ад выплаты ў бюджэт часткі плацяжоў за 2008 год. Аднак там не выканалі дзве ўмовы з трох аб выдзяленні дзяржаўнай падтрымкі: не выкананы заяўленыя паказчыкі па рэнтабельнасці і зрываўся графік пагашэння запазычанасці па плацяжах у бюджэт. У выніку прадпрыемства павінна вярнуць  у бюджэт і суму дзяржпадтрымкі (142 мільёны рублёў), і працэнты за яе карыстанне (звыш 20 мільёнаў). Больш таго, за неналежную выплату за арэнду дзяржмаёмасці на прадпрыемства накладзены штраф у памеры амаль 7 мільёнаў рублёў, да 1 мільёна склалі штрафныя санкцыі на вінаватых службовых асоб “Віцябчанкі”.
Здавала не сала, а парэчкі
Праведзена праверка дзейнасці Браслаўскага райспажыўтаварыства. Адзначана, што тут дапускаліся прыпіскі аб’ёмаў нарыхтоўчага абароту ад насельніцтва на суму 580,3 мільёна рублёў. Рабілася гэта праз афармленне прыёмных квіткоў нібыта ад жыхароў раёна, у якіх было закуплена сала на суму больш за 500 мільёнаў рублёў. Фактычна ж прадукцыя закуплялася невядома ў каго. На асобных пастаўшчыкоў было выпісана па некалькі квітанцый, адна жыхарка Браслаўскага раёна нібыта здала за два апошнія гады 2675 кілаграмаў свініны. Як высветлілася, жанчына здавала ў нарыхтоўчыя ларкі не сала, а парэчкі. Такія ж самыя  схемы былі прыменены да іншых ілжывых здатчыкаў.
Па фактах узбуджаны дзве крымінальныя справы, вядзецца следства.
Пра тэлефон і “прамую лінію”
Упраўленне ўласнай бяспекі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю паведамляе тэлефон старшага інспектара па асабліва важных справах упраўлення, якое абслугоўвае Віцебскую вобласць, — 42-68-97. Так што кожны жадаючы можа патэлефанаваць аб супрацьпраўных дзеяннях супрацоўнікаў Камітэта дзяржкантролю і органаў фінансавых расследаванняў.
На працягу лютага-сакавіка 2011 года ў Віцебскай вобласці праводзіцца тэматычная “прамая лінія” па пытанню “Захаванне кантралюючымі і нагляднымі органамі вобласці патрабаванняў Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16.10.2009 г. № 510 “Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь” пры правядзенні праверак суб’ектаў гаспадарання”. Звароты па магчымых парушэннях заканадаўства прымаюцца ў Камітэт дзяржкантролю віцебскай вобласці з 15 лютага да 31 сакавіка 2011 года па тэлефоне 8-0212-36-44-95 у рабочыя дні з 9 да 13 і з 14 да 18 гадзін.
Падрыхтаваў Мікалай Мароз.
Надрукавана ў №12 ад 15.02.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *