Работы УП ЖКХ сегодня

Новости

Падрыхтоўка да зімы

Каб зімой у кватэрах было цёпла

У камунгасе добра разумеюць, што ад сённяшняй іх работы, яе аператыўнасці і якасці поўнасцю залежыць паспяховасць будучага ацяпляльнага сезона.  Работы вядуцца ва ўсіх падраздзяленнях, але асноўныя работы разгарнуліся ў Шуміліне, Мікіцісе і Обалі.

Найбольш маштабныя работы вядуцца ў райцэнтры. Тут павінны перакласці каля 5,5 км цепласетак. Сродкі на рэканструкцыю, а гэта каля 12 мільярдаў рублёў, выдзелены з абласнога бюджэту.  З-за вялікага аб’ёму работы пачаліся  яшчэ вясной. “На сённяшні дзень перакладзена каля двух кіламетраў цеплатрасы, – расказвае галоўны інжынер УП ЖКГ Аляксей Догель. – Доўга вяліся работы ў мікрараёне Шумілінскай СШ №1. Звязана гэта з тым, што з-за вялікай колькасці розных камунікацый  практычна ўсё прыйшлося капаць уручную”. У гэтым месяцы гэты мікрараён плануюць завяршыць і далей перайсці да цеплатрасы ў мікрараёне МСО. Там работы павінны ісці хутчэй.

Зразумела, што рэканструкцыя цеплатрасы прынесла нязручнасці некаторым жыхарам шматпавярховак – даволі працяглы час не было гарачай вады. “Трэба пацярпець, – адзначае Аляксей Догель. –  Рэканструкцыя цепласеткі дасць плюсы як камунгасу, так і спажыўцам”. Гэта, у першую чаргу,  зніжэнне стратаў цяпла, якія прадпрыемства плануе  знізіць з 19 %  да 14 %.  Будзе ліквідавана транзітная цеплатраса, што праходзіла праз тэрыторыю “Райаграсэрвісу” – 842 метры цеплатруб выкарыстоўваліся мінімальна. Галоўны інжынер падкрэсліў, што сучасныя ПІ-трубы трубы вызначаюцца надзейнасцю ў эксплуатацыі. Дарэчы, першы участак цеплатрасы з ПІ-трубой у райцэнтры быў уведзены ў 2003 годзе і за гэты час тут не было ніводнага парыву.

У ліпені пачаліся работы па замене цепласетак у аграгадку Мікіціха. Гэта каля трох кіламетраў цеплатрасы ад кацельні да  шматкватэрных дамоў. Дэманціравана наземная цеплатраса, якая губляла цяпло. Пасля рэканструкцыі наземнай цеплатрасы застанецца толькі 30 метраў (участак ля кацельні). Аграгарадок Мікіціха стане першым сельскім населеным пунктам у нашым раёне, у якім цеплатрасы поўнасцю заменены  на сучасныя ПІ-трубы.

А вось у Обалі асноўныя работы ідуць на кацельні. Тут устанаўліваюць кацёл для мясцовых відаў паліва ў механічнай загрузкай магутнасцю 2 МВт. “У  мястэчку цяпер будуць працаваць два катлы на шчапе, – расказвае Аляксей Догель. – Найперш гэта дазволіць зэканоміць прыродны газ. Магутнасці гэтых катлоў хопіць, каб забяспечыць пасёлак цяплом і гарачай вадой восенню і вясной”.

Аляксей Догель падкрэсліў, што работы ўсюды вядуцца аператыўна, і ўсе аб’екты будуць поўнасцю гатовы сустрэць новы ацяпляльны сезон.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.

Надрукавана ў № 56 за 21 ліпеня.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *