Вода оживляет, а водка губит или про озеро, спиртное и штрафы

Актуалии Закон

Гарачыня. Возера. Ахаладжальны ўсплёск вады. Ля вадаёмаў багата адпачываючых – у гэтым мы упэўніліся падчас чарговага рэйду на мінулым тыдні разам з начальнікам аддзялення прафілактыкі і  правапарадку РАУС Аляксандрам КАРАЛЁВЫМ і ўчастковым інспектарам Аляксеем БУРАКЕВІЧАМ.

Падчас рэйду на Шумилинским возеры

У нашым раёне афіцыйна ўстаноўлены чатыры месцы адпачынку: Шумі-лінскае возера, Лескавіцкае, азёры Мошна і Будавесць. На жаль, і на гэтых азёрах не заўсёды парадак. Хто панакідаў смецця, пластыкавых бутэлек, упаковак ад чыпсаў і кірыешак на беразе Лескавіцкага возера? Зразумела, самі адпачываючыя.
– Ці прыемна вам адпачываць у такім сметніку? – пытаемся ў маладых людзей, што загараюць побач.
– А гэта не мы смецце панакідалі, так было, – спахапіліся хлопцы. – Засмечаны бераг непрыгожы, але ж гэта не наш асабісты двор, дык чаго мы тут прыбіраць будзем?
Між іншым, за засмечванне прыбярэжных тэрыторый і іншых грамадскіх месцаў пагражае штраф да дзесяці базавых велічынь.
На возеры Будавесць, што ў Амбросавічах, было мала адпачываючых, пераважна дзеці. На беразе чыста, ніякіх кампаній. А на возеры Мошна ў в. Прыазёрная сустрэлі групу маладых людзей, якія сядзелі на беразе. Міліцыянеры недаверлі-ва паглядзелі на празрыстыя  пластмасавыя  бутэлькі. Праверылі змесціва, бо, аказваецца, сустракаюцца такія фантазёры, якія ў бутэлькі з-пад ліманаду ці соку наліваюць спіртное і распіваюць у парку ці на возеры. Але на гэты раз у бутэльках была сапраўды мінеральная вада.
Самым мнагалюдным аказалася Лескавіцкае возера. Ля берага адпачывалі сем’ямі, кампаніямі. Непадалёк каля лаўкі ляжалі бутэлькі з-пад гарэлкі. Хтосьці ж іх тут пакінуў. Участковыя інспектары правялі прафілактычную гутарку з падлеткамі.
– А мы і не ведалі, што за распіццё джын–тоніка можна штраф атрымаць, –  здзівіліся маладыя людзі.
Ідзём на гучны голас, што даносіцца з прыбярэжных кустоў. Трое мужчын  абмяркоўваюць важную праблему. Схамянуліся, здзівіліся, калі ўбачылі міліцыянераў. Не было сэнсу адмаўляцца, што нецвярозыя. Але побач спіртнога не было.
— Прыйшлі на возера ўжо нападпітку, — прызналіся мужчыны. – Расслабіліся пасля рабочага дня, вырашылі ахаладзіцца…
Між іншым, менавіта  пасля такіх расслабленняў здараецца большасць няшчасных выпадкаў. Сёлета, напрыклад, як нам паведаміла старшыня раённай арганізацыі ратавання на вадзе Кацярына Дударава,  у рэспубліцы патанулі на вадаёмах больш за тры сотні чалавек, у вобласці – каля васьмі дзесяткаў. Алкаголь і вада – паняцці несумяшчальныя. Для тых, хто падшафэ ідзе купацца, усё можа закончыцца даволі трагічна. Але гэтага, відаць, не ўсе разумеюць. І яшчэ. Няважна, дзе чалавек піў – дома, з сябрамі ці ў кафэ. Прыйшлі ў грамадскае месца п’янымі – значыць, парушылі парадак. А за гэта, згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, пагражае штраф да васьмі базавых велічынь. Калі падобнае правапарушэнне паўторнае, то за гэта прыйдзецца выкласці з кішэні да пятнаццаці базавых велічынь або быць арыштаваным на некалькі сутак.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *