Как выкупить коммунальное или служебное жильё

Вопрос-Ответ Закон

Набыццё жылля і льготы
Пытанні куплі-продажу жылля заўсёды злабадзённыя. Аб умовах яго набыцця, льготах і крэдытах банка чытачы раённай газеты пытаюцца часта. Артыкул, дасланы ў рэдакцыю з упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, мае на мэце пагасіць многія хвалюючыя пытанні.
Набыццё жылых памяшканняў дзяржаўнага (рэспубліканскага і камунальнага) жыллёвага фонду.
Адзначым адразу: грамадзяне, якія стаяць на ўліку па месцы работы як маючыя патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, могуць набываць незаселеныя жылыя памяшканні рэспубліканскага жыллёвага фонду, у тым ліку і тыя, што знаходзяцца ў гаспадарчым веданні сельгасарганізацый. Прадаецца жыллё ў такіх выпадках па ацэначным кошце (але не звыш рынкавага), вызначаным індэксным метадам у адпаведнасці з заканадаўствам аб ацэначнай дзейнасці.
Продаж  жылля камунальнага жыллёвага фонду ажыццяўляецца згодна з парадкам, зацверджаным мясцовымі Саветамі дэпутатаў (ён у рамках Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 ліпеня 2010 г. № 388, які зацвярджае Палажэнні аб парадку і ўмовах продажу жылых памяшканняў рэспубліканскага жыллёвага фонду).
Заселеныя жылыя памяшканні, не абцяжараныя залогам, могуць набывацца тымі, хто ў іх пражывае, у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 16 красавіка 1992 г. “Аб прыватызацыі жыллёвага фонду  ў Рэспубліцы Беларусь”.
Заселенае жыллё (незалежна ад яго статусу), пабудаванае сельгасарганізацыямі дзяржаўнай формы ўласнасці з прыцягненнем ільготных крэдытаў, выдадзеных ААТ “Белаграпрамбанк”, абавязацельствы па якіх не выкананы, можа перадавацца ва ўласнасць тым, хто пражывае ў ім, шляхам пераводу доўгу арганізацыі на грамадзяніна. Перавод доўгу па такому крэдыту праводзіцца зыходзячы з плацежаздольнасці грамадзяніна і са згоды “Белаграпрамбанка” з выплатай 3% гадавых за карыстанне гэтым крэдытам. Пагашаецца крэдыт роўнымі далямі на працягу ўсяго агаворанага ў дагаворы тэрміну.
Пры гэтым перадаецца жыллё, уключаючы гаспадарчыя пабудовы, работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі (пракладзеныя дарожкі, пастаўленая агароджа, азеляненне), па ацэначным кошце, які не можа быць меншым за суму сродкаў, выдаткаваных на будаўніцтва дадзенага жылога памяшкання.
Набыццё жылых памяшканняў жыллёвага фонду арганізацый недзяржаўнай формы ўласнасці.
У адпаведнасці з арт. 272 Грамадзянскага кодэкса РБ уласнік распараджаецца жылымі памяшканнямі згодна з іх назначэннем, таму парадак і ўмовы куплі-продажу вызначаюцца арганізацыяй, а іменна: вышэйшым органам кіравання  — агульным сходам членаў гаспадарчага таварыства або агульным сходам калектыву. Пры гэтым сельгасарганізацыі недзяржаўнай формы ўласнасці пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 студзеня 2006 г. № 59 устаноўлены абавязковыя ўмовы, якія трэба ўлічыць у рашэнні агульнага сходу.
Напрыклад, пункт 4 пастановы вызначае, каб сельгасарганізацыя прымала рашэнне аб пераводзе доўгу  па льготнаму крэдыту  на грамадзяніна зыходзячы з яго плацежаздольнасці са згоды ААТ “Белаграпрамбанк”. У пункце 9 агаворана, што калі сельгасарганізацыя пагасіла частку льготнага крэдыту да пераводу доўгу на грамадзяніна, то пагашаная сума кампенсуецца грамадзянінам у парадку і на ўмовах, вызначаных самой арганізацыяй у адпаведнасці з заканадаўствам.
Акрамя абавязковых умоў, сельскагаспадарчая арганізацыя  можа прадугледзець дадатковыя абавязацельствы, якія павінен выконваць грамадзянін, на імя якога аформлены дагавор  пераводу доўгу па льготнаму крэдыту.
Напрыклад, грамадзянін павінен адпрацаваць у арганізацыі не менш 10 гадоў; кампенсуе выплачаныя арганізацыяй працэнты за карыстанне крэдытам або суму розніцы паміж нявыплачаным крэдытам і ацэначным коштам жылля з улікам яго спажывецкіх якасцей; прадугледжваецца адтэрміноўка па плацяжах для арганізацыі і інш.
Калі ж жылы дом (кватэра) пабудаваны за кошт сродкаў інавацыйных фондаў  рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падначаленых Ураду Рэспублікі Беларусь, а таксама за кошт мясцовых бюджэтаў, сельгасарганізацыямі прыватнай формы ўласнасці прымаюцца рашэнні са згоды адпаведных вышэйназваных органаў. Гэтыя органы даюць згоду на продаж жылля пры ўмове поўнага пагашэння сельгасарганізацыяй бюджэтнай пазыкі. Прычым цана па дагавору куплі-продажу жылога дома (кватэры) вызначаецца на падставе ацэнкі кошту жылля і гаспадарчых пабудоў, прадугледжаных тэхнічным пашпартам на гэты дом (кватэру). Ацэнка праводзіцца ацэначнай камісіяй, створанай райвыканкамам.
Аб прадастаўленні льгот пры набыцці жылля.
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 красавіка 2000 г. № 185 грамадзяне, якія пастаянна пражываюць і працуюць у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 50 тысяч чалавек, могуць набываць ільготныя крэдыты на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылля з выплатай 1% гадавых тэрмінам на 40 гадоў.
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 лютага 2006 г. №  75 працаздольным грамадзянам — уласнікам жылых памяшканняў, якія пастаянна пражываюць і працуюць ў населеным пункце з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек, даюцца льготныя крэдыты  на капітальны рамонт і рэканструкцыю жылых памяшканняў, будаўніцтва інжынерных сетак, узвядзенне гаспадарчых пабудоў, з выплатай 3% гадавых тэрмінам да 10 гадоў.
Катэгорыі грамадзян, якія маюць права на атрыманне дзяржаўнай падтрымкі на будаўніцтва, рэканструкцыю, набыццё жылля, капітальны рамонт жылых дамоў, вызначаюцца, як правіла, мясцовымі выканаўчым і распарадчым органамі.
Падрыхтаваў да друку  Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №21 ад 22.03.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *