За нашу жизнь в ответе мы сами

Бяспека

Адзін загінуў, трое пакалечыліся
“У многіх арганізацыях грэбуюць элементарнымі патрабаваннямі тэхнікі бяспекі, не захоўваюць тэхналагічныя нормы вытворчасці, змірыліся з нізкай працоўнай і выканаўчай дысцыплінай,” – гаворыцца ў Дырэктыве № 1.
Між іншым, аналіз вынікаў работы за мінулы год паказвае, што далёка не ва ўсіх сельскагаспадарчых арганізацыях вобласці і рэспублікі створаны належныя ўмовы для бяспечнай працы. Па аператыўных дадзеных Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь у мінулым годзе ў час вясенне-палявых работ у краіне дапушчаны чатыры няшчасныя выпадкі, у тым ліку адзін – са смяртэльным зыходам. Напрыклад, палявод СВК “Варняны” Гродзенскай вобласці, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, збіраў каменне на полі і падышоў на небяспечную адлегласць да трактара… Атрыманая траўма аказалася несумяшчальнай з жыццём.
Цяжкую траўму атрымаў трактарыст-машыніст СВК “Калгас імя Заслонава” Магілёўскай вобласці, які, знаходзячыся ўнутры бункера КЗР-10, не выключыў вал адбору магутнасці і рухавік трактара, у выніку чаго яго правая нага трапіла ў зерневы шнэк. Як высветлілася, пацярпелы быў дапушчаны да работы без праходжання інструктажу па пытаннях аховы працы.
Пры эксплуатацыі няспраўнай бульбасаджалкі (адсутнічала ахоўная агароджа карданнага вала) у палявода Гродзенскай вобласці захапіла ў сельгасмашыну рукаў курткі, руку мужчыны зацягнула ў бульбасаджалку, у выніку чаго пацярпелы атрымаў пералом рукі.
Як бачна з аналізу здарэнняў, больш за 20% з іх адбыліся пры выкананні работ па рамонце і абслугоўванні сельскагаспадарчых машын, агрэгатаў і абсталявання. Так, пры рамонце бульбасаджалкі слесар аднаго з сельгаспрадпрыемстваў Гомельскай вобласці замест спецыяльных падставак выкарыстоўваў выпадковыя прадметы, у выніку чаго бульбасаджалка звалілася на рукі і ногі слесара і цяжка яго траўміравала.
У мэтах забеспячэння бяспекі працы, прафілактыкі траўматызму і выкананне патрабаванняў Дырэктывы № 1 кіраўнікам сельгасарганізацый рэкамендавана рэгулярна праводзіць інструктажы па бяспецы працы. Варта зрабіць камісійную прыёмку падрыхтаванай для правядзення вясенне-палявых работ тэхнікі. Забараняецца дапускаць да эксплуатацыі трактары, сельскагаспадарчыя машыны і агрэгаты, якія не прайшлі тэхагляды. Кіраўнікам сельгасарганізацый варта звярнуць увагу на герметычнасць усіх механізмаў, не дапускаць да работ з ядахімікатамі маладых людзей, якія не дасягнулі паўналецця, а да пагрузкі і разгрузкі пестыцыдаў – жанчын; загрузку агрэгатаў мінеральнымі ўгнаеннямі варта рабіць пры выключаным рухавіку. У выпадку ўзнікнення пагрозы жыццю і здароўю людзей варта прыпыніць работы.
У кожнай сельгасарганізацыі павінны паклапаціцца пра спецадзенне і іншыя сродкі індывідуальнай засцярогі, пра спраўны інвентар, пра медыцынскія агляды механізатараў і вадзіцеляў. Усё гэта варта рабіць найперш для таго, каб людзі не рызыкавалі сваім жыццём і здароўем.
А. КРЫЎКО, спецыяліст райсельгасхарчу.
Надрукавана ў №23 ад 29.03.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *