«Неделя леса» пройдёт с 16 по 23 апреля

Общество Экология

Няхай  зелянее край
З 16 па 23 красавіка па ўсёй рэспубліцы па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі пройдзе добраахвотная акцыя “Тыдзень лесу-2011”. Да акцыі, прысвечанай Міжнароднаму году лесу, рыхтуецца і наш раён.
“Мы падбіраем пляцоўкі, на якіх можна пасадзіць дрэвы, добраўпарадкаваць тэрыторыю, – гаворыць дырэктар лясгасу І. Я. Папок. – Тыдзень лесу праводзім пад дэвізам “Новыя лясы – патомкам у спадчыну”. Кожны з жыхароў раёна можа ўнесці асабісты ўклад у гэту пачэсную справу. Хочацца, каб нашы землякі не заставаліся раўнадушнымі да акцыі і падказвалі, дзе лепш пасадзіць алею, разбіць парк. Разгледзім любыя прапановы, тэлефануйце ў лясгас”.
Дарэчы, у лясгасе падчас акцыі пройдуць дні адкрытых дзвярэй, лесаводы будуць сустракацца са школьнікамі, расказваць пра прафесію ляснічых, пра значэнне лясоў для нашай краіны. Галоўная мэта “Тыдня лесу-2011” – прыцягнуць увагу грамадскасці да захавання лясных рэсурсаў, да экалагічных праблем у краіне.
Як расказаў інжынер па лесааднаўленню лясгасу В. В. Снігер, падчас акцыі ў раёне мяркуецца пасадзіць каля 13 тысяч елак, 11,6 тысячы соснаў, 2,3 тысячы бяроз. Саджанцы вырасцілі ва ўласным пітомніку. А для падсаджвання ў дэндрапарк (ён разбіты ля канторы лясгасу – там растуць туі, серабрыстыя вербы і іншыя дрэвы) саджанцы заказалі ў вопытным пітомніку Глыбоцкага лясгасу.
Падчас акцыі лясы будуць ачышчацца ад захламленасці, у іх пабудуюць некалькі альтанак і лавачак для адпачынку.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №24 (8890) ад 01.04.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *