18 апреля – Международный день памятников и исторических мест

Культура

Августовский канал

Гэты дзень быў устаноўлены ў 1982 годзе Міжнародным саветам па пытаннях аховы помнікаў і славутых мясцін (ICOMOS), створаным пры ЮНЕСКА. Дэвізам Дня сталі словы: “Захаваем нашу гістарычную радзіму”.
Святкуецца ён з 1984 года. У гэты дзень праходзяць канферэнцыі па пытаннях захавання культурнай спадчыны, многія музеі свету праводзяць дні адкрытых дзвярэй, арганізуюцца іншыя мерапрыемствы.
У нашай краіне сістэмная работа па ахове гістарычных помнікаў фарміравалася на працягу дзесяцігоддзяў.
Яшчэ Дзяржаўная дума Расійскай імперыі абмяркоўвала праект закона аб ахове помнікаў, але не паспела яго прыняць.
Пасля 1917 года Савецкі ўрад прыняў шэраг законаў, накіраваных на ахову культурных каштоўнасцяў. У Беларусі першы такі дакумент быў прыняты ў 1926 годзе. Згодна з ім шэраг аб’ектаў мастацтва, культуры і прыроды былі нацыяналізаваны, а на мясцовыя органы ўлады ўскладаліся абавязкі па ахове помнікаў культуры.
Значнай падзеяй стала прыняцце Закона БССР “Аб ахове помнікаў культуры” ў 1969 годзе. У 1978 годзе прыняты Закон “Аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры”. У 1988 годзе зацверджаны Дзяржаўны спіс помнікаў гісторыі і культуры рэспубліканскага значэння. У 80-я гады быў выдадзены 8-томны “Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі”.
У ліку першых заканадаўчых актаў суверэннай Рэспублікі Беларусь стала прыняцце ў 1992 годзе фундаментальнага закона “Аб ахове культурна-гістарычнай спадчыны”.
У Спісе сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ёсць чатыры беларускія аб’екты: Белавежская пушча, Мірскі і Нясвіжскі замкі, Геадэзічная дуга Струве. У спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны – абрад “Калядныя цары” з вёскі Семежава Капыльскага раёна.
Вывучаецца заяўка Беларусі на ўнясенне ў Спіс яшчэ дзясятка аб’ектаў, сярод якіх старажытныя помнікі: Камянецкая вежа, Гродзенская Барысаглебская царква, Полацкі Сафійскі сабор. Прэтэндуюць на ўнясенне ў Спіс палескія драўляныя храмы, Гомельскі палац, Брэсцкая крэпасць, сталічны праспект Незалежнасці і некаторыя іншыя аб’екты.
Сёлета святкаванне Дня помнікаў праходзіць пад слоганам “Водная культурная спадчына”. Асаблівая ўвага – выкарыстанню вады на працягу гісторыі чалавецтва: арашальныя і асушальныя сістэмы і збудаванні, транспартныя каналы. На тэрыторыі нашай краіны ёсць некалькі буйных каналаў, як гістарычных, так і дзеючых. Самы вядомы – Аўгустоўскі. Разам з Польшчай Беларусь прапанавала гэты яб’ект на ўнясенне ў Спіс сусветнай спадчыны, ідзе рэстаўрацыя канала, стварэнне турыстычнай інфраструктуры.
Падрыхтаваў Сяргей ПАЎЛАЎ.
Надрукавана ў №28 ад 16.04.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *