На «прямой линии» — руководитель района

Актуалии Официально

Не адкладваючы на потым
7 мая старшыня раённага выканаўчага камітэта Вальдэмар Антонавіч Падляшчук правёў “прамую лінію”. І ў суботні майскі дзень, напоўнены вясеннімі і перадсвяточнымі клопатамі, у жыхароў раёна было нямала пытанняў да кіраўніка раёна.
Сярод тых, хто тэлефанаваў на нумар 4-10-45, быў і ветэран Вялікай Айчыннай Ілля Іванавіч Маісеенка з вёскі Стралкі.
“Што пад’езд да могілак зрабілі, дзякуй, — пачаў ветэран, — але на легкавой машыне там не праедзеш…”
“Дарогу рабіла ДРБУ-204, — адзначыў В. А. Падляшчук і паабяцаў: — сёння ж адпраўлю кіраўніка дарожнай арганізацыі праехаць да Стралкоў на сваёй “Волзе”, думаю, пасля гэтага дарога будзе папраўлена.”
Рашуча, прынцыпова і не адкладваючы на потым старшыня райвыканкама разглядаў і іншыя пытанні, што задавалі жыхары раёна ў гэты дзень.
“Тэрмінова разабрацца, высветліць і выправіць памылку, калі такое дапушчана. Выправіць за кошт вінаватых,” — даў даручэнне старшыня па звароту Л. Я. Ядройцавай з вёскі Завяззе аб тым, што на помніку ў Язвіне пасля рэстаўрацыі не стала прозвішча яе загінуўшага брата Шастакова Мікалая Ягоравіча.
“Заніжаюць расцэнкі за работу на пагрузчыку? Абавязкова разбяромся, сёння-заўтра сам пабываю ў вашай гаспадарцы…” – гэта механізатару, што працуе на “Амкадоры-320” у адной з гаспадарак.
“Дадзім даручэнне райспажыўтаварыству ў бліжэйшы час адрамантаваць уваход у магазін”, – гэта ў адказ на скаргу Собалевай В. В. з аграгарадка Слабада, што ля магазіна разваліўся ганак.
Але не ўсе пытанні ўлада можа і павінна рашаць за дзяржаўны кошт, перакананы В. А. Падляшчук, трэба нагадваць людзям і пра іх абавязкі. Як, напрыклад, па гаспадарчых пабудовах у аграгарадках Мікіціха і Слабада. Раней яны былі патрэбныя для складзіравання паліва і ўтрымліваліся за кошт гаспадарак. Цяпер, калі ў дамы падведзены прыродны газ, яны згубілі сваё першапачатковае прызначэнне і пра іх павінны клапаціцца самі гаспадары.
Не паабяцаў кіраўнік раёна і пенсіянерцы з райцэнтра Якаўлевай Н. Ф. зрабіць аўтобусны прыпынак менавіта ля самага перакрыжавання вуліц Юбілейнай і Луначарскага. “Дарога міждзяржаўнага значэння, — адказаў ён, — ёсць жорсткія патрабаванні. Разам з дарожнай аўтаінспекцыяй мы разгледзем гэта пытанне камісійна, вызначым, дзе можна зрабіць прыпынак, не парушаючы правілаў дарожнага руху”.
У кагорце розных пытанняў (па сутнасці і кантынгенту тых, хто звярнуўся) быў зварот і ад індывідуальнага прадпрымальніка. Чалавек хоча мець уласную справу, мае намер рамантаваць халадзільнікі. Запатрабаваная паслуга, але яму не хапае грошай на пакупку абсталявання. Беларусбанк не адмаўляе ў крэдыце, але прапануе яго пад 19%. Прадпрымальніка такія ўмовы не задавальняюць. Хто яму дапаможа? Можа, раённы бюджэт?
“Па заканадаўству мы не маем права аказаць такую дапамогу, бо ў бюджэце не хапае сродкаў, — патлумачыў В. А. Падляшчук, — паспрабуем абмеркаваць гэтую праблему з банкамі”.
У дадатак да сказанага, у суботні майскі дзень жыхароў аграгарадка Светласельскі хвалявала пытанне зносу аварыйных дрэў на Крупчанскіх могілках і будаўніцтва другога з’езду ад іх да дарогі; з вёскі Камачына пазванілі з просьбай падсыпаць дарогу; з “барака” на Ленінскай ў райцэнтры прасілі пасадзейнічаць, каб райаграсэрвіс адрамантаваў дах; з дома № 65 па вул. Юбілейнай скардзіліся, што ў адным з пад’ездаў няма гарачай вады…
На працягу трох гадзін старшыня райвыканкама слухаў просьбы і прапановы людзей, унікаў у кожнае пытанне, па кожнаму даваў даручэнні той ці іншай службе. Магчыма, не ўсе застануцца задаволеныя адказам. Але ж і ўлада не панацэя ад усіх жыццёвых праблем.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №34 ад 11 мая



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *