У другой жанчыны з Мікіціхі – 2,90 праміле…

Здоровье Общество Семья

Бяда, калі маці п’е

На мінулым тыдні прайшло чарговае пасяджэнне раённай камісіі па справах непаўналетніх, якое правяла намеснік старшыні райвыканкама І. І. Шалахава.
На пасяджэнне былі выкліканы бацькі, дзеці якіх ці ўжо  знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні ў прытулку, у доме дзіцяці ці ў апякунскіх сем’ях, і тыя, што стаяць у адным кроку ад адабрання дзяцей. Восем сем’яў,  але адна гісторыя, адна праблема – бацькі п’юць. І самае страшнае, што п’юць жанчыны, якія з-за алкагольнага дурману забыліся, што яны маці.
Жанчына з аграгарадка Мікіціха выклікала міліцыю з той нагоды, што яе пабіў муж. Мужчына не апраўдваўся, проста сказаў: “Надакучылі яе п’янкі…” .  І сапраўды, алкатэстар паказаў у той дзень, што ў жанчыны 2,25 праміле алкаголю ў крыві. У другой жанчыны з Мікіціхі – 2,90 праміле…
І тое, што дзяцей забралі з сем’яў, прымусіла некаторых па-іншаму паглядзець на жыццё, адмовіцца ад спіртнога, закадзіравацца. Але ж разумеюць гэта не ўсе.
Так, з жыхаркай аграгарадка Светласельскі камісія па справах непаўналетніх працуе даўно, у яе  раней забіралі дзяцей у прытулак. Тады жанчына змагла выправіцца і вярнуць малых дадому. Дарэчы, некалькі месяцаў таму сям’я была знята з уліку як сацыяльна небяспечная. Апошнім часам маці зноў пачала “заглядваць у бутэльку” і зноў апынулася ў адным кроку ад адабрання дзяцей. На пасяджэнні камісіі яна абяцала, што гэта было ў апошні раз, што зробіць усе, каб выхоўваць сваіх дзяцей… А пастаянныя наведванні, рэйды і камісіі як да сацыяльна небяспечнай сям’і (яе зноў паставяць на ўлік) дапамогуць ёй стрымаць свае абяцанні.
Дзяцей вяртаюць ў сям’ю толькі ў тым выпадку, калі там ёсць ўсе ўмовы для  бяспечнага дзяцінства. Гэта аксіёма. І тут дробязей не можа быць. Гэтага ніяк не зразумее мужчына, у якога забралі дачку ў прытулак (маці  пазбаўлена бацькоўскіх правоў). У супрацоўнікаў райаддзела па надзвычайных сітуацыях  цэлы спіс пытанняў па пажарнай бяспецы. А ў гаспадара то часу няма, то яшчэ нейкая прычына на тое, каб не выпраўляць становішча з пажарнай бяспекай у доме.
Пасля 23.00  падлеткі, якім няма 16 год, не маюць права быць на вуліцы без суправаджэння дарослых. Такі закон. І з наступленнем лета гэта пытанне становіцца ўсё больш актуальным. Чырванелі за сваіх дзяцей бацькі з Мікіціхі, чыйго сына амаль у гадзіну ночы прывезлі дадому супрацоўнікі міліцыі. Трымаць адказ, чаму іх дзеці знаходзяцца на вуліцы пасля 23.00, прыйшлося і дзвюм маці з Шуміліна.  Мала таго, што ўсе непаўналетнія былі на вуліцы пасля 23.00, дык яшчэ і пілі піва ці слабаалкагольныя напоі. На жаль, бацькі так і не змаглі нічога адказаць на пытанне: “Як можна легчы і спакойна спаць, калі  дзіця няма дома?”.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №47 ад 20.07.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *