Перед началом каникул детям и родителям напомнили о безопасности

Бяспека Образование

Бяспека дзяцей і адказнасць бацькоў

Напярэдадні восеньскіх канікул ва ўсіх установах адукацыі раёна праходзяць бацькоўскія сходы, накіраваныя на папярэджанне правапарушэнняў, распаўсюджвання алкаголю і наркатычных сродкаў, траўматызму сярод непаўналетніх, павышэнне ўзроўню бяспекі  дзяцей.

У ліку першых, 19 кастрычніка, бацькоўскія сходы прайшлі ў Амбросавіцкай дзіцячы сад-базавай школе і Дабейскім дзіцячым садзе.
“Сёлета ў нашым раёне адбылося 17 пажараў, у якіх загінуў адзін чалавек, – пачаў сваё выступленне намеснік начальніка РАНС Іван Маскалькоў.  – Пра пажарную бяспеку неабходна думаць пастаянна, любая дробязь можа каштаваць вельмі дорага. А з надыходам ацяпляльнага сезона актуальнасць пажарнай бяспекі павялічваецца ў разы. Асабліва гэта тычыцца тых, у каго пячное ацяпленне. Яшчэ раз праверце дымаходы і агульны стан печак.  Не забывайце пра каварнасць чаднага газу, які не мае паху і колеру, але можа прывесці да трагічных наступстваў”.
Гаворка вялася і пра ўстаноўку аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Некаторыя адмаўляцца іх устанаўліваць, маўляў, “пішчаць калі ўздумаюць”. Але факт, што менавіта АПА выратаваў не адно жыццё, – неаспрэчны. І далёка за прыкладамі хадзіць не трэба, прадоўжыў супрацоўнік РАНС. Прыкладна месяц таму ў вёсцы Заобаль адбыўся пажар, і толькі дзякуючы апавяшчальніку пажылая жанчына засталася жывой.
Іван Маскалькоў звярнуў увагу і на яшчэ адно пытанне бяспекі дзяцей: “Неўзабаве прыйдуць маразы і на вадаёмах з’явіцца першы лёд. Нельга выходзіць на лёд, калі таўшчыня яго не дасягне 5-7 сантыметраў. Не рызыкуйце сваім жыццём, навучыце берагчы жыццё сваіх дзяцей”.
Ваша здароўе ў вашых руках, так пачала  сваё выступленне Надзея Скрыпкіна, памочнік урача-эпідэміёлага РЦГЭ. Яна больш падрабязна спынілася на вакцынацыі супраць грыпу, якая пачалася 1 кастрычніка. Зараз самы час зрабіць прышчэпку ад грыпу: для таго, каб у чалавека развіўся імунітэт, неабходна як мінімум  два тыдні, а сезон грыпу чакаецца ў студзені-лютым. “Вакцынацыя супраць грыпу даказала сваю эфектыўнасць, – расказала Надзея Скрыпкіна. – Сёлетняя вакцына расійскай вытворчасці не толькі стварае імунітэт супраць грыпу, а і павышае ўстойлівасць да прастудных захворванняў. Дарэчы, вакцына супраць грыпу каштуе 5 рублёў, а цяпер самі падлічыце, колькі трэба будзе заплаціць за лекі, калі захварэеце. Выгада відавочная”.
Дарэчы, сёння бацькоўскі сход з мэтай павышэння ўзроўню бяспекі дзяцей пройдзе ў буйнейшай школе раёна – СШ № 1 г. п. Шуміліна.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №84 ад 27.10.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *