Как подготовить себя к работе за границей, чтобы не попасть в трудное положение

Бяспека Общество Экономика

Не станьце ахвярай працоўнай эксплуатацыі

У апошні час грамадзяне Беларусі, якія самастойна выязджаюць на работу за мяжу, звяртаюцца з просьбай высветліць законнасць дзейнасці арганізацыі, якая аказвае паслугі па працаўладкаванні, а таксама разабрацца ў сітуацыі парушэння умоў працы, якія былі агавораны з пасрэднікам ці наймальнікам.
Кожны такі выпадак патрабуе дэталёвага разбірацельства. Органы ўнутраных спраў праводзяць праверку на прадмет магчымасці прыцягнення да адказнасці вінаватых, аднак, трэба разумець, што  парушэнне лягчэй папярэдзіць, чым узнавіць законнасць парушаных правоў і інтарэсаў.
Найбольш распаўсюджанымі парушэннямі пры ўладкаванні на работу з’яўляюцца: размяшчэнне  незаконнай аб’явы і арганізаваны выезд за мяжу без заключэння дагавораў, накіраванне мігранта да трэцяй асобы – на іншы аб’ект,  заключэнне дадатковага або новага дагавора на тэрыторыі замежнай дзяржавы, пагаршэнне ўмоў працы.
Большасць грамадзян, якія знаходзяць работу за мяжой праз знаёмых, сяброў, сваякоў, інтэрнэт ці іншымі спосабамі, не маюць легальнага статуса ў краіне, гэта значыць не маюць дазволу на пражыванне і (ці) на работу. Таму пры парушэнні іхніх правоў яны становяцца абсалютна безабароннымі і падвяргаюцца працоўнай эксплуатацыі.
Найбольш бяспечным спосабам выезду на работу за мяжу з’яўляецца выезд пры садзейнічанні ліцэнзіятаў (юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць спецыяльны дазвол (ліцэнзію) на права ажыццяўляць дзейнасць, звязаную з працаўладкаваннем за межамі Рэспублікі Беларусь). У гэтым разе перазаключаць за мяжой працоўны дагавор забараняецца.
Спіс ліцэнзіятаў размешчаны на сайце МУС Рэспублікі Беларусь www.mvd.gov.by (Грамадзянства і міграцыя – Працоўная міграцыя).

Неабходна ведаць
Пры заключэнні працоўнага дагавора ўважліва вывучыце ўмовы кантракта, якія тычацца характару і аплаты работы, умоў працы, правоў і абавязкаў абодвух бакоў, умоў пражывання, харчавання  і іншых сацыяльных гарантый, падстаў для скасавання кантракта.
Вы абавязкова павінны мець рабочую візу дзяржавы працаўладкавання (у выпадку работы ў дзяржаве з візавым рэжымам для Беларусі), выдадзеную яго дыпламатычным прадстаўніцтвам або консульскай установай (турыстычная віза не дае права працаваць).
Неабходна мець з сабой копіі ўсіх дакументаў на выпадак страты арыгіналаў, страхоўку ад няшчасных выпадкаў і хвароб, вызначаную суму грашовых сродкаў.

Рэкамендацыі самастойна выязджаючым за мяжу
Да выезду з Беларусі паведаміце пра свой намер у падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі па месцы жыхарства. Раскажыце пра тэрмін выезду, замежнага наймальніка, умовы працы і пражывання.
У выпадку заключэння працоўнага дагавора ў Рэспубліцы Беларусь  у падраздзяленне трэба яшчэ прадаставіць копію працоўнага дагавора.

Якую інфармацыю можна атрымаць бясплатна?
У падраздзяленнях па грамадзянстве і міграцыі можна атрымаць інфармацыю аб палажэннях заканадаўства Рэспублікі Беларусь пра знешнюю працоўную міграцыю, пра парадак выезду з Рэспублікі Беларусь.
У Міністэрстве замежны спраў Рэспублікі Беларусь (www.mfa.gov.by, тэл. +375 17 222 26 61) можна даведацца пра месца знаходжання і нумары тэлефонаў дыпламатычных прадстаўніцтваў або консульскіх устаноў Рэспублікі Беларусь у дзяржаве працаўладкавання (пры іх наяўнасці), пра міжнародныя арганізацыі, якія ажыццяўляюць абарону правоў, свабоды і законных інтарэсаў  эмігрантаў.
У дыпламатычных прадстаўніцтвах дзяржавы можна ўдакладніць умовы выезду і патрабаванні пры працаўладкаванні.

Працоўны дагавор
Працоўны дагавор павінен утрымліваць наступную інфармацыю:
— пра тэрмін яго дзеяння, характар і месца работы, умовы працы і аплаты, у тым ліку за работу ў начны, звышурочны час, выхадныя і святочныя дні;
— пра памеры прэмій і надбавак, пра ўтрыманні з заробку;
— аб правах, абавязках, адказнасці абодвух бакоў, парадку і ўмовах  скасавання або прадаўжэння працоўнага дагавора;
— аб арганізацыі пераезду, харчавання, пражывання, медыцынскага абслугоўвання;
— пра парадак кампенсацыі шкоды, прычыненай здароўю эмігранта ў працэсе яго працоўнай дзейнасці, і іншыя сацыяльныя гарантыі.

У час працы за мяжой
У час працы за мяжой  трэба стаць на часовы ўлік у консульстве Рэспублікі Беларусь і нікому ні па якой прычыне не аддаваць свой пашпарт.
Калі ўмовы вашага знаходжання адрозніваюцца ад тых, якія былі ўказаны ў дагаворы, звяжыцеся з арганізацыяй, якая накіравала вас на работу. Патрабуйце паляпшэння ўмоў. Калі сітуацыя не мяняецца, вы маеце права адмовіцца ад работы па дагаворы.
Не стаўце сябе ў залежнае становішча, прымаючы падарункі або пазычаючы грошы.
Перыядычна падтрымлівайце сувязь са сваімі сваякамі і сябрамі, расказвайце ім пра любыя змяненні ўмоў вашага знаходжання за мяжой.
У выпадку крадзяжу дакументаў або пры ўзнікненні якіх-небудзь іншых праблем звяртайцеся ў пасольства або консульства Рэспублікі Беларусь, або ў паліцыю той краіны, дзе вы знаходзіцеся.
Тэлефон “гарачай лініі” па бяспечным выездзе на работу за мяжу Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Рэспублікі Беларусь: +375 17 218 52 64 (з 9.00 да 13.00, з 14.00 да 18.00), адрас электроннай пошты  – dcm@mia.by. Упраўленне па грамадзянстве і міграцыі ў Віцебску знаходзіцца па адрасе: пр-т Фрунзэ, 41а, тэл. +375 212 60 34 90; у Мінску па адрасе: пр-т Незалежнасці, 46в, тэл. +375 17 239 44 54(56).
Група па грамадзянству і міграцыі Шумілінскага РАУС.
Надрукавана ў №3 ад 09.01.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *