Шумилинцы будут есть свою гречневую кашу?

Сельское хозяйство Экономика

А “Лаўжанскі” грэчку вырасціў
Цэны ў магазінах на грэчку зашкальваюць – больш за дваццаць тысяч рублёў за кілаграм. А калі вырасціць гэту культуру і здаць на хлебапрыёмны камбінат, падлічылі ў “Лаўжанскім”, будзе выгадна. Ініцыятыву былога кіраўніка ААТ “Лаўжанскае” А. В. Аляксеенкі падтрымаў і мясцовы пчаляр І. В. Котаў. “Пасека нашай гаспадаркі налічвае больш за сто домікаў пчол, – кажа Ігар Васільевіч. – Грэчка выдзяляе нектар раніцай і вечарам,  мёд з гэтай культуры вельмі цэніцца. Не дарэмна ж у некаторых абласцях нават вывозяць пчаліныя домікі на поле, дзе расце грэчка”.
Плюсоў у вырошчванні грэчкі знайшлі шмат, але першы год вырашылі ўсё ж не рызыкаваць – для эксперыментальнага поля адвялі 18 гектараў, насенне грэчкі купілі на Полацкім КХП. Пасеялі грэчку паміж вёскамі Ляхава і Будобаль, бліжэй да пасекі акцыянернага таварыства.
“Вядома, прыйшлося вывучыць адпаведную літаратуру, раіліся са сталымі аграномамі іншых раёнаў і абласцей, – гаворыць У. С. Васількоў, галоўны аграном ААТ “Лаўжанскі”. – Узаралі поле, прадыскавалі, прабаранавалі, унеслі гліфасаты. Стараліся ўсё рабіць якасна, бо падкормліваць грэчку непажадана – вырасце ў рост чалавека, а насення не будзе. Грэчка культура малапатрабавальная, расце і на бедных глебах. З’яўляецца добрым папярэднікам для многіх культур, асабліва для зерневых  – зніжае паражэнне каранёвай цвіллю ў два-тры разы”.
Наконт ураджайнасці Уладзімір Сяргеевіч загадваць не стаў. Маўляў, будуць убіраць праз тыдзень-другі звычайнымі зернеўборачнымі камбайнамі, тады і пабачаць. А вось наконт закупачнай цаны мы ўсё ж пацікавіліся. Як расказала галоўны эканаміст Полацкага КХП А. У. Гаркуша, тона грэчкі трэцяга класу каштуе 2 мільёны 400 тысяч рублёў (для параўнання: тона харчовай пшаніцы такога ж класу – 720 тысяч рублёў).
Пытаемся ў галоўнага агранома, ці можна ў гаспадарцы купіць кілаграм-другі грэчкі. “Не, продажам не займаемся, – смяецца Уладзімір Сяргеевіч. – Ды і насенне ў цвёрдай абалонцы, а спецыяльнага абсталявання, каб зрабіць крупы, у нас няма.”
А калі, скажам, нехта з вяскоўцаў набудзе насенне і задумае пасеяць на сваім агародзе грэчку? “У прынцыпе можна, – гаворыць У. С. Васількоў. – Але ж абыдзецца яшчэ даражэй, чым купіць у магазіне, бо і апрацоўка, і ачыстка каштуюць нятанна. Да таго ж, калі насенне не паспееш высушыць за дванаццаць гадзін, яно можа “згарэць”. Так што вырошчваннем грэчкі на ўласных сотках усё ж  не раю займацца”.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №70 ад 13.09.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *